Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Бяроза: падчас фармавання раённай ТВК адзінагалосна прагаласавалі за гатовы спіс кандыдатаў

24 лістапада 2017 г. на сумесным пасяджэнні прэзідыума Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў і Бярозаўскага раённага выканаўчага камітэта была ўтвораная Бярозаўская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў дваццаць восьмага склікання.

Паводле словаў назіральніка Сяржука Русецкага, паседжанне, якое вёў старшыня райвыканкаму Леанід Мартынюк, цягнулася каля 30 хвілінаў.

Усяго на сяброўства ў абласной камісіі прэтэндавалі 17 чалавек: 8 было вылучана ад праўладных грамадскіх аб’яднанняў ("Беларускага саюза ветэранаў вайны ў Афганістане", саюза афіцэраў, Беларускага саюза жанчын, Прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму, фонду міра, ГА «Белая Русь»), па аднаму чалавеку ад Камуністычнай партыі Беларусі і ад працоўнага калектыву ААТ «Бярозаўскі сыраробчы камбінат» і 7 шляхам збору подпісаў.

Быў зацверджаны максімальны колькасны склад камісіі — 13 чалавек.

Паводле Сяржука Русецкага, начальнік аддзелу кадравай працы райвыканкаму Віталь Мшар зачытаў даволі падрабязную інфармацыю па кожнай кандыдатуры. І такім чынам можна было даведацца пра год нараджэння, адукацыю, горад пражывання, месца працы, пасаду, ранейшы ўдзел у працы выбарчых камісіяў, сяброўства ў розных грамадзкіх арганізацыях, некаторыя асабістыя дзелавыя якасці; прыцягненне да крымінальнай ці адмістратыўнай адказнасці.

Затым некаторыя прадстаўнікі райвыканкаму і райсавету заклікалі астатніх прысутных падтрымаць канкрэтных прэтэндэнтаў, характэрызуючы іх лепшыя дзелавыя якасці.

Калі дайшла чарга да абмеркавання дзелавых якасцяў назіральніцы ад Беларускага Хельсінкскага Камітэту Тамара Шчапёткіна, якую група выбаршчыкаў шляхам падачы заявы таксама вылучыла ў раённую камісію, прысутныя чыноўнікі агучылі, што яна некалькі разоў прыцягвалася да адміністратыўнай адказнасці за парушэнне парадку арганізацыі і правядзенне масавых мерапрыемстваў, а таксама за працу журналісткай без акрэдытацыі.

Пасля абмеркавання кандыдатур быў зачытаны спіс тых, хто, па меркаванні ўдзельнікаў паседжання, мусіць быць уключаны ў склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі. Усе прысутныя адзінагалосна прагаласавалі за гэты спіс. Такім чынам была парушана Пастанова ЦВК №36, дзе адзначаецца, што “калі лік прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае прадугледжаную колькасць членаў камісіі, заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне”.

Па якіх крытэрыях і кім быў зроблены адбор у прапанаваны персанальны склад выбарчай камісіі засталося невядомым.

У выніку склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі вельмі мала змяніўся ў параўнанні з мінулымі гадамі, адзначае Сяржук Русецкі. У камісію ўключылі трох супрацоўнікаў Бярозаўскага райвыканкаму: намесніка начальніка аддзелу ідэалягічнай працы, культуры справах моладзі Крагеля Аляксандра Уладзіміравіча, галоўнага спецыяліста аддзелу кадравай працы Муратаву Алену Георгіеўну, начальніка аддзелу кадравай працы Мшара Віталя Уладзіміравіча.

З агучанай інфармацы вынікае, што ў створанай камісіі — 2 сябры КПБ і 3 прадстаўнікі “Белай Русі”.

Не былі ўключаныя ў камісію “два прадстаўнікі саюза афіцэраў і раённай арганізацыі прафсаюза работнікаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму (асноўныя — першыя прадстаўнікі гэтых арганізацыяў у камісію патрапілі), а таксама двое прэтэндэнтаў, вылучаных шляхам збору подпісаў, у тым ліку і адзіная прадстаўніца дэмакратычнага блоку Тамара Шчапёткіна, якая мае вялікі досвед працы ў выбарчых кампаніях.

У канцы працоўнага дня 24 лістапада адбылося першае пасяджэнне Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі. Старшынёй камісіі быў абраны Чарнагор Аляксандр Рыгоравіч, намеснікам старшыні камісіі —Крагель Аляксандр Уладзіміравіч, сакратаром — Муратава Алена Георгіеўна.

Выбаршчыкі, якія сваімі подпісамі шляхам падачы заявы вылучылі Тамару Шчапёткіну ў раённую выбарчую камісію, маюць намер абскардзіць яе неўключэнне ў судзе.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары