Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Назіральнік патрабуе празрыстасці бюджэтаў выбаркамаў

Колькі грошай і на якія расходы выдзяляецца выбарчым камісіям? Такая інфармацыя, на думку незалежных назіральнікаў, павінна публікавацца ў дзяржаўных сродках масавай інфармацыі і на афіцыйных сайтах выканаўчых камітэтаў дзеля захавання нормы закона пра галоснасць выбараў.

З адпаведнай прапановай выступіў наш назіральнік Леанід Свецік з Віцебска. Нагодай для звароту ў Віцебскую гарадскую выбарчую камісію паслужыла інфармацыя аб тым, што 8 снежня на пасяджэнні камісіі быў зацверджаны яе бюджэт. Прапаноўваючы апублікаваць тэкст бюджэту камісіі ў афіцыйных СМІ і на сайце Віцебскага гарадскога выканаўчага камітэта, ён спаслаўся на частку 1 артыкула 13 Выбарчага кодэкса: «Падрыхтоўка і правядзенне выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў ажыццяўляюцца адкрыта і галосна».

Старшыня гарадской камісіі Наталля Ляпёшкіна ў адказе назіральніку паведаміла, што Выбарчым кодэксам і Пастановай Цэнтральнай камісіі ад 15.11.2017 №39 «Аб інфармаванні грамадзян аб працы па падрыхтоўцы і правядзенні выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў Рэспублікі Беларусь дваццаць восьмага склікання» інфармаванне грамадзян праз СМІ альбо афіцыйныя інтэрнэт-сайты дзяржорганаў пра бюджэт выбарчай кампаніі не прадугледжана. Таксама яна дадала, што назіральнік мае права ўнесці сваю прапанову ў Цэнтрвыбаркам.

Варта адзначаць, што, адхіліўшы прапанову назіральніка, выбарчая камісія пайшла старым і накатаным шляхам: раз інфармаванне пра бюджэт выбарчай кампаніі ў пэўным пераліку не ўказана, то і не павінна ажыццяўляцца.

Але праваабаронцы ў дадзеным пытанні апелююць да таго, што дзейнасць выбарчых камісій павінна ажыццяўляцца адкрыта і галосна, а празрыстае фінансаванне ўсіх этапаў выбарчай кампаніі з'яўляецца важным складнікам свабодных і справядлівых выбараў.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Каментары