Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Лідзія Ярмошына: з "15 рублямі" ад “БРСМ” разбярэцца Мінскі гарвыбаркам

Лідзія Ярмошына. Фота - "Радыё Свабода"
Лідзія Ярмошына. Фота - "Радыё Свабода"

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына адказала праваабаронцу ПЦ “Вясна” Валянціну Стэфановічу з нагоды накіраванай ім заявы аб грубым парушэнні выбарчага заканадаўства з боку ГА “БРСМ” і адміністрацыі БДУ.

Нагадаем, што на мінулым тыдні праваабаронцам з ананімных крыніц стала вядомая перапіска ў закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ. З паведамленняў вынікае, што сакратарка “БРСМ” гэтага факультэту і начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ актыўна запрашалі студэнтаў браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты ў якасці сябраў іх ініцыятыўных груп. Пры гэтым тым, хто пагодзіцца, абяцалі прэмію ў памеры 15 рублёў і вызваленне ад заняткаў на ўвесь дзень.

Дадзеная інфармацыя ўказвае адразу на некалькі парушэнняў выбарчага заканадаўства. Па-першае, грамадскія арганізацыі не маюць права аказваць матэрыяльную дапамогу пры падрыхтоўцы і правядзенні выбараў, акрамя ўнясення грашовых сродкаў у выбарчыя фонды кандыдатаў. Па-другое, нельга ажыццяўляць збор подпісаў асобамі, якія не з’яўляюцца сябрамі ініцыятыўных груп. І па-трэцяе, выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу пры правядзенні выбараў забаронена.

З гэтай нагоды юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву ў Цэнтрвыбаркам з просьбай правесці праверку па дадзеным выпадку і прыняць адпаведныя меры рэагавання.

У сваім адказе на заяву Лідзія Ярмошына паведаміла, што для праверкі ўказаных дзеянняў прадстаўнікоў ГА “БРСМ” заява праваабаронцы будзе накіравана ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Таксама старшыня Цэнтрвыбаркама адзначае, што “БРСМ” прапанавана правесці разбор і прыняць меры па спыненні незаконных дзеянняў прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі ў тым выпадку, калі гэтыя дзеянні пацвердзяцца.  

Пры гэтым Лідзія Ярмошына ніяк не адрэагавала на заўвагу праваабаронцы адносна фактычнага ўдзелу адміністрацыі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта ў зборы подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутаты. 

Трэба адзначыць, што ў дадатак праваабаронца накіраваў зварот у Пракуратуру Мінска для дачы прававой ацэнкі і далейшага пракурорскага рэагавання па дадзеным выпадку.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары