Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Эфектыўнае абскарджванне вынікаў фармавання УВК магчыма толькі са зменамі ў Выбарчым кодэксе

Тры апазыцыйныя палітычныя партыі — Абʼяднаная грамадзянская, Партыя БНФ і Сацыял-дэмакратычная (Грамада) — падалі некалькі скаргаў у суды на неўключэньне сваіх вылучэнцаў у склад участковых выбарчых камісій на выбарах у мясцовыя саветы. Суды, якія скончыліся 10 студзеня, пакінулі ўсе звароты партыйцаў без задавальненьня, піша Свабода.

Юрыст праваабарончага цэнтру «Вясна», экспэрт кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары» Валянцін Стэфановіч, які шмат гадоў адсочвае выбарчыя кампаніі ў Беларусі, кажа Свабодзе, што ня памятае такога прэцэдэнту, каб суд задаволіў хоць адну скаргу апазыцыі на фармаваньне ўчастковых камісій.

Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org
Валянцін Стэфановіч. Фота: svaboda.org

«Улады ўсё прадумалі. Працэдура аспрэчваньня праз суды вынікаў фармаваньня выбарчых камісій бессэнсоўная зь юрыдычнага пункту гледжаньня. Па сутнасьці, няма прадмету спрэчкі. Бо фармальна ўлады збольшага выконваюць патрабаваньні: кворум ёсьць, дзелавыя і асабістыя якасьці прэтэндэнтаў часам абмяркоўваюцца. Але пасьля чыноўнікі кажуць: у гэтага прэтэндэнта няма досьведу працы ў камісіях, а гэты досьвед — частка ягоных дзелавых якасьцяў, таму яго і не ўключылі. І што тады абскарджваць у судзе?» — кажа Стэфановіч.

Экспэрт лічыць: каб такога не паўтаралася, трэба ўнесьці зьмены ў Выбарчы кодэкс.

«Трэба прапісаць гарантыі субʼектам, якія ўдзельнічаюць у выбарчым працэсе, на тое, каб яны абавязкова мелі сваіх прадстаўнікоў у камісіях. Напрыклад, вылучаецца ў акрузе кандыдат ад партыі БНФ. Значыць, ягоныя прадстаўнікі павінны быць у камісіях. І толькі калі застаюцца незапоўненыя квоты, тады ў камісіі ўключаюць прадстаўнікоў грамадзян або працоўных калектываў», — кажа Валянцін Стэфановіч.

Ён заўважае, што бязь зьменаў і на наступных выбарах сытуацыя будзе такая самая.

«Сёлета ад апазыцыйных партый у камісіі ўключылі толькі 11% іх вылучэнцаў. А калі мы глядзім на праўладныя партыі, на пяцёрку грамадзкіх арганізацый, якія традыцыйна ў нас фармуюць выбарчыя камісіі, то там „прахадзімасьць“ 96–98%. З гэтым жа трэба нешта рабіць!» — кажа экспэрт.

На прыкладзе суду ў Бярозе: рашэньне адмоўнае і канчатковае

Пра тое, як суды ставяцца да скаргаў апазыцыянэраў, Свабода расказвае на прыкладзе Бярозы.

Тамара Шчапёткіна. Фота: svaboda.org
Тамара Шчапёткіна. Архіўнае фота: svaboda.org

На Берасьцейшчыне ў суд зьвярнулася мясцовая жыхарка Тамара Шчапёткіна. Нягледзячы на тое, што яна сабрала неабходную колькасьць подпісаў выбарнікаў, чыноўнікі палічылі, што жанчына ня мае досьведу. Таму ў выбарчую камісію Шчапёткіну не ўключылі.

«Падчас размовы чыноўнікі не забыліся згадаць, што мяне прыцягвалі да адміністрацыйнай адказнасьці за несанкцыянаваную акцыю. Так, такі выпадак сапраўды быў. Але ажно ў 2001 годзе», — удакладняе актывістка.

Шчапёткіна хацела праз суд абскардзіць гэтае рашэньне, але і гэтым разам суд стаў не на яе бок.

«Суд адмовіў у маім хадайніцтве. Я даводзіла, што неўключэньне ў склад камісіі — гэта дыскрымінацыя маіх грамадзянскіх правоў. Але як аб сьценку гарохам. Рашэньне суду канчатковае, абскарджваць яго я права ня маю», — кажа спадарыня Шчапёткіна.

І ўсё ж адзін сьветлы момант у гэтым працэсе быў, дадае праваабаронца: «Падчас паседжаньня судзьдзя і чыноўнікі гаварылі на роднай мове».

Артыкул па тэме: 

Навошта прадстаўнікі апазіцыі звяртаюцца ў суды, якім не давяраюць?


Каментары