Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Баранавічы: загадалі скласці пратакол апытання на ўдзельніка перадвыбарчага пікета

Рыгор Грык.
Рыгор Грык.

У нядзелю, 21 студзеня, баранавіцкі  актывіст, кандыдат у дэпутаты мясцовых Саветаў Рыгор Грык, праводзіў агітацыю і збор подпісаў каля Палескага рынку. Неўзабаве да яго падышлі супрацоўнікі міліцыі - лейтэнант Валошын і незнаёмы капітан. Аб здарэнні паведамляе сайт "Берасцейскай Вясны".

Рыгор Грык патлумачыў, што яго запыт на правядзенне пікетаў быў задаволены, і яму дазволена праводзіць мерапрыемства ў любым месцы, пра што ім павінна было быць вядома.

Аднак тлумачэнні прынятыя не былі. У дадатак былі прад'яўлены прэтэнзіі да сцягоў, аднак абодва сцяга (бел-чырвона-белы і сцяг прафсаюза) зарэгістраваныя і з'яўляюцца афіцыйнымі сімваламі БНФ і прафсаюза адпаведна.

Лейтэнант міліцыі прапанаваў скласці пратакол апытання. Пасля кансультацыі з праваабаронцам Уладзімірам Вялічкіным, Грык пагадзіўся на апытанне, аднак пасля размовы з праваабаронцам і шматлікіх званкоў, супрацоўнікі міліцыі змянілі стаўленне да пікетоўшчыка, спаслаўшыся на тое, што неабходная ім інфармацыя аб месцы правядзення пікетаў была знойдзена на сайце выканкама.

Праваабаронца Уладзімір Вялічкін адзначае:

“Справа ў тым, што у горадзе Баранавічы шмат кандыдатаў, але чамусьці распараджэнне падыйсці да кандыдата было только да аднаго – Рыгора Грыка. Тлумачыцца гэта вельмі проста – таму што ён з’яўляецца вядомым грамадскім актывістам у Баранавічах, праводзіць шмат пікетаў, а таму, калі пайшоў на выбары, то камусьці спатрэбілася  стварыць яму цяжкасці пад час выбарчай кампаніі. Я пагутарыў з лейтэнантам. Патлумачыў яму, што выбары ідуць, што Рыгор удзельнічае ў выбарах адпаведна выбарчага заканадаўства і рашэння Баранавіцкага выканкама ён не парушае. Высветлілася, што лейтэнант міліцыі падышоў да пікета не па сваёй волі, яму начальнік загадаў”.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары