Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Улады змянілі межы акругі, дзе балатуецца бярозаўскі апазіцыйны кандыдат. Выбаршчыкі абураныя

Валерый Білібуха
Валерый Білібуха

Адзін з трох апазіцыйных кандыдатаў у дэпутаты Бярозаўскага раённага Савету, цяперашні дэпутат Першамайскага сельскага Савету, сябра БХД Валерый Білібуха ў другі раз прэтэндуе на мандат у сельсавеце.

Аднак, па меркаванні кандыдата і жыхароў вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевай  у Кабаках, мясцовыя ўлады вырашылі адсекчы частку электарату, напрацаванага дэпутатам  у ягонай Жычынскай акрузе №9 па выбарах у сельсавет. У снежні, калі Білібуха атрымліваў пасведчанні для ініцыятыўнай групы і падпісныя лісты для вылучэння кандыдатам у сельсавет, стала вядома, што межы Жычынскай акругі №9, з якою працаваў дэпутат і меў намер працаваць далей, змянілі. У яе, акрамя вёсак Жычын і Вашчанка, уключылі вуліцу Саўгасную з Кабакоў замест вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевай.

Жыхары вуліц Паўднёвай, Садовай і Моладзевай у Кабаках абурыліся такім рашэннем і склалі зварот у Першамайскую сельскую тэрытарыяльную, Бярозаўскую раённую, Брэсцкую абласную выбарчыя камісіі, а таксама ў ЦВК і Бярозаўскі раённы Савет дэпутатаў з патрабаваннямі вярнуць іх вуліцы назад у межы Жычынскай акругі. За тыдзень пад ім падпісаліся трыццаць чатыры асобы.

Аднак адказныя чыноўнікі не прыслухаліся да патрабавання жыхароў з гэтых Кабакоўскіх вуліц.

Так, у адказе з ЦВК за подпісам Лідзіі Ярмошынай тлумачыцца, што ў адпаведнасці з ВК РБ, выбарчыя акругі перад кожнымі выбарамі ўтвараюцца зноўку. Заканадаўства не абавязвае органы, якія ўтвараюць акругі, прытрымлівацца мінулых межаў акругаў, таму на чарговых выбарах колькасць акругаў і іх межы могуць змяняцца ў параўнанні з папярэднімі. Таму падстаў для задавальнення калектыўнай заявы, па меркаванні ЦВК, няма.

У сваю чаргу сам Валерый Білібуха накіраваў скаргі ў Першамайскую сельскую і Бярозаўскую раённую выбарчыя камісіі. У Першамайскай камісіі адказалі, што змена межаў была звязана з неабходнасцю ўладкавання тэрыторый акругаў №9,10,11 дзеля таго, каб не дапусціць утварэння выбарчай акругі з тэрыторый, якія не мяжуюцца паміж сабой, і каб упарадкаваць колькасць выбаршчыкаў. У адказе Бярозаўскай раённай камісіі таксама пазначана, што ў складзе Жычынскай акругі, па якой балатуецца Білібуха, захаваныя вуліца Саўхозная, дзе жыве кандыдат, і вёска Жычын, старастай якой ён з’яўляецца. 

Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржук Русецкі лічыць, што праз такія дзеянні чыноўнікі вырашылі ізаляваць кандыдата ад людзей, з якімі той актыўна працаваў, і пазбавіць яго такім чынам падтрымкі выбаршчыкаў. Паводле Русецкага, фармальна ўлада не парушыла выбарчае заканадаўства, аднак праігнаравала жаданне і інтарэсы электарату.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары