Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Маладэчна: Назіральнік аналізуе магчымасці для правядзенння выбарчай агітацыі

Алесь Капуцкі.
Алесь Капуцкі.

Назіральнік з Маладэчна Аляксандр Капуцкі параўнаў рашэнне раённага выканаўчага камітэта аб месцах, вызначаных для правядзення агітацыйнай кампаніі па выбарах у раённы Савет дэпутатаў, з рашэннем папярэдняй выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы.

У ходзе аналізу месцаў, дазволеных для правядзення агітацыйных мерапрыемстваў (сходаў выбаршчыкаў) у закрытых памяшканнях, назіральнік адзначае пагаршэнне сітуацыі.

“З пераліку месц для агітацыі ў закрытых памяшканнях выпалі 5 ранейшых памяшканняў у горадзе і 4 у сельскай мясцовасці”, - адзначае назіральнік. - У горадзе па прычыне рамонту выпала Цэнтральная раённая бібліятэка, праўда, побач, у гарадскім Доме культуры, апроч малой залы дадалі яшчэ і канцэртную, так што ў адным будынку стала аж 2 месцы для сходаў выбаршчыкаў. Затое некаторыя буйныя раёны засталіся зусім без памяшканняў для агітацыі. Так, у спісе, у параўнанні з мінулай кампаніяй, не аказалася гімназіі № 10, сярэдніх школ №№ 2 і 14 і палітэхнічнага каледжа. Так што, выбаршчыкам з некаторых акругаў, каб патрапіць на сустрэчу са сваім кандыдатам давядзецца пераадолець немалую адлегласць, а то нават і дабірацца грамадскім транспартам. Бо на ўвесь 100-тысячны горад прызначаны для сустрэч толькі 7 будынкаў. Праўда, ў рашэнні ёсць пазнака, што могуць быць выкарыстаны актавыя залы і залы паседжанняў іншых арганізацый Маладзечанскага раёна па ўзгадненні з кіраўнікамі”.

Аляксандр Капуцкі адзначае, што сельскай мясцовасці таксама са спісу выпалі некалькі буйных населеных пунктаў, якія былі ў мінулай кампаніі выбараў мясцовых дэпутатаў – вёскі Выверы, Вязынка, Гранічы і Хоўхлава. Як у мінулай кампаніі, так і гэтай у сьпісе адсутнічаюць і яшчэ некалькі буйных сельскіх населеных пунктаў, такіх як Сасновы Бор, Заскавічы, Турэц-Баяры, Дубравы ды іншыя. Так што, калі кандыдату захочацца сустрэцца там са сваімі выбаршчыкамі, прыдзецца дамаўляцца з мясцовым кіраўніком, каб выдзеліў памяшканне. У цяперашняй сітуацыі, пры амаль што поўнай адсутнасці апазіцыйных кандыдатаў, напэўна гэты будзе не складана.  

А вось сітуацыя з месцамі для размяшчэння агітацыйных друкаваных матэрыялаў, на думку назіральніка, палепшылася, магчымасці для агітацыі пашырыліся. Бо ў рашэнні мінулай кампаніі быў пералік канкрэтных месцаў, дзе можна размяшчаць інфармацыйныя матэрыялы. Цяпер жа дазволена гэты рабіць на любых інфармацыйных і інфармацыйна-рэкламных тумбах, стэндах (апроч білбордаў), стэндах, дошках аб’яў населеных пунктаў, ЖКХ, устаноў адукацыі, культуры, здароўя і спорту, сацыяльнай абароны, прыпынках грамадскага транспарту і іншых арганізацый (па ўзгадненні з кіраўніцтвам).

Палепшылася таксама сітуацыя з месцамі для правядзення масавых мерапрыемстваў у параўнанні з мінулай кампаніяй. Калі раней на тэрыторыі горада і раёна былі вызначаныя некалькі канкрэтных месцаў, то цяпер дазволена праводзіць выбарчыя пікеты і іншыя мерапрыемствы паўсюль, за выключэннем аб’ектаў чыгуначнага транспарту, а таксама не бліжэй, чым за 50 м ад райвыканкама, суда, пракуратуры, РАУС, следчага камітэту, КДБ і МНС. Няма дазволу таксама на Цэнтральную плошчу горада.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары