Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Кандытат Сігаеў патрабуе выправіць звесткі пра сябе ў інфармацыйных матэрыялах

Аляксей Сігаеў. Фота: pvby.org
Аляксей Сігаеў. Фота: pvby.org

Кандыдат у дэпутаты па Карбышаўскай выбарчай акрузе №50 г Мінска Аляксей Сігаеў звярнуўся са скаргай ў Мінскую гарадскую камісію. Справа ў тым, што Першамайская раённая выбарчая камісія вырабіла інфармацыйныя матэрыялы кандытата, не ўзгадніўшы з ім інфармацыю, якая, на думку Сігаева, мае важнае значэнне.  А менавіта – як паведамляе ў скарзе кандыдат – утаіла ад выбаршчыкаў наяўнасць ва ўласнасці кватэры, гаража, двух аўтамабіляў, не ўказала выбарную пасаду ў палітычнай партыі (Беларуская сацыял-дэмакратычная партыя (Грамада)), надрукавала назву партыі з памылкамі.

На падставе вышэйадзначанага Аляксей Сігаеў просіць Мінскую гарадскую выбарчую камісію узгадніць з ім біяграфічныя звесткі і распаўсюдзіць інфармацыю ў поўным аб’ёме сярод выбаршчыкаў Карбышаўскай выбарчай акругі, паведаміць яму за чый кошт будуць выпраўляцца парушэнні, а таксама азнаёміць яго з матэрыяламі праверкі па скарзе і запрасіць яго на паседжанне камісіі, якая будзе прымаць рашэнне па скарзе кандыдата.

Па інфармацыі назіральніцы Валянціны Свяцкай, камісія паседжанне не праводзіла, ва ўсялякім выпадку, ні інфармацыі на сайце, ні тэлефоннага запрашэння на паседжанне, не было, але памылку на сайце выправілі. Што тычыцца друкаваных матэрыялаў, то на дадзены момант інфармацыі няма.

Згодна з “Практычным дапаможнікам для тэрытарыяльных і акруговых камісій па падрыхтоўцы і правядзенню выбараў дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28-га склікання”, каб пазбегнуць спрэчных сітуацый пры вырабе плакатаў і інфармацыйных матэрыялаў з біяграфічнымі дадзенымі кандыдатаў, рэкамендуецца ўзгадніць з кожным кандыдатам у дэпутаты звесткі пра яго.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”. 


Каментары