Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Скаргу на прымус студэнтаў да галасавання Ярмошына назвала “неабгрунтаванай”. Студэнты ж працягваюць скардзіцца

Лідзія Ярмошына. Фота: naviny.by
Лідзія Ярмошына. Фота: naviny.by

Старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына настойвае на тым, што адміністрацыі вну “заклікаюць” студэнтаў да датэрміновага галасаванне, што не з’яўляецца парушэннем выбарчага заканадаўства. Тым часам самі студэнты паведамляюць пра шэраг пагрозлівых мераў, якія ўжываюцца да іх падчас выбараў.  

Наш назіральнік Зміцер Салаўёў, зарэгістраваны ў Тэрытарыяльнай выбарчай камісіі Маскоўскага раёна Мінска, атрымаў з Цэнтрвыбаркама адказ на сваю скаргу па фактах прымусу студэнтаў да датэрміновага галасавання, якія з’явіліся ў сродках масавай інфармацыі.

У прыватнасці, назіральнік звяртаў увагу на інфармацыю на сайце “Наша Ніва” аб тым, што ў Беларускім дзяржаўным універсітэце “камандзір студэнцкай службы бяспекі БДУ” Максім Шалюта робіць заклікі да студэнтаў: «Усе вашыя студэнты ў абавязковым парадку мусяць схадзіць 13 лютага на выбары». Пры гэтым указваецца канкрэтны “кандыдат ад БДУ”, якога яны мусяць усяляк падтрымліваць — Вольга Цесакова, і гаворыцца, што за гэтым «пільна сочыць прарэктар», а ад вынікаў падтрымкі залежыць памер фінансавання той самай «студэнцкай службы бяспекі».

У скарзе ў ЦВК назіральнік указваў на парушэнне артыкула 5 Выбарчага кодэкса, у якім гаворыцца, што “выбары дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў з'яўляюцца свабоднымі: выбаршчык асабіста вырашае, ці ўдзельнічаць яму ў выбарах, за каго галасаваць на выбарах”.

У адказ на скаргу старшыня Цэнтрвыбаркама Лідзія Ярмошына, працытаваўшы гэты артыкул ВК, паведаміла, што “заклік выкарыстаць сваё грамадзянскае права і прыняць удзел у галасаванні не можа быць разгледжаны як парушэнне вышэйназванай нормы выбарчага заканадаўства”.

“Калі грамадзяніна прымушаюць прагаласаваць пад пагрозай ужывання якога-небудзь пакарання, ён можа звярнуцца ў пракуратуру або органы ўнутраных спраў за абаронай сваіх правоў.

На падставе вышэйпададзенага і з улікам таго, што ў Вашым звароце няма канкрэтных фактаў парушэння правоў выбаршчыкаў, Ваша скарга з’яўляецца неабгрунтаванай”, - лічыць яна.

Тым часам у дні датэрміновага галасавання студэнты розных вышэйшых навучальных установаў паведамлялі назіральнікам пра тыя меры, якімі звычайна суправаджаюцца “заклікі” адміністрацый да галасавання. Гэта візіты адміністрацый у групы і інтэрнаты з прамовамі, ціск праз стараст групаў і студэнцкія арганізацыі, выклікі на асабістыя размовы з адміністрацыяй альбо тэлефонныя размовы, прамыя і завуаляваныя пагрозы праблемамі і адлічэннямі, вынясенне заўвагаў і вусных вымоваў.

У апытанцы назіральнікаў значыцца 29 паведамленняў: ад студэнтаў філфака БДПУ імя Максіма Танка (1), факультэтаў кампутарнага праектавання (3), кампутарных сістэм і сетак (3) і інжынерна-эканамічнага факультэта (8) БДУІР, Інстытута журналістыкі (9) і эканамічнага факультэта (1) БДУ, факультэта камерцыі і туріндустрыі БДЭУ (1), факультэта раманскіх моваў і перакладчыцкага факультэта МДЛУ (2), філфака ВДУ імя П.М. Машэрава (1).

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары