Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выбары ў мясцовыя Саветы: хроніка назірання за ходам галасавання

Выбарчая камісія перад пачаткам галасавання. Фота Алены Маслюковай.
Выбарчая камісія перад пачаткам галасавання. Фота Алены Маслюковай.

Мінскі раён.  Арцём Скарабагаты быў незалежным назіральнікам на ўчастках №3 у Бараўлянах і №2 пасёлку Лясны, яны месцяцца ў адным будынку ў мясцовым Доме культуры аграгарадка Лясны, што пад Мінскам.

«Арцёма пасадзілі ў машыну і ён паспеў мне патэлефанаваць. Сказаў, што невядомыя ў цывільным вывелі яго з будынка. Не прадстаўляліся, дакументы не паказвалі, запхнулі ў аўтамабіль. Больш распавесці не паспеў. Цяпер у Арцёма выключаны тэлефон», — паведаміў «Нашай Ніве» брат Арцёма Скарабагатага.  Крысціна Шаблоўская, намесніца старшыні камісіі на Бараўлянскім участку, сказала, што яна сама выклікала міліцыю — Скарабагаты нібыта перашкаджаў камісіі працаваць, паведамляе "Наша ніва".

 «Парушаў правапарадак, гучна размаўляў, уступаў у нецэнзурную лаянку з наведнікамі. Мы вымушаныя былі выклікаць органы ўнутраных спраў», — сказала Шаблоўская.

Светлагорск. 17:30. На галасаванне па месцы жыхарства на выбарчым участку №26 хадзілі два сябры камісіі і назіральніца Алена Маслюкова. Спісы былі падрыхтаваныя загадзя, ніхто з тых 11 (прагаласавала 9) не звяртаўся ў камісію.

“Вяртаюся назад, а насустрач яшчэ 2 сябры гэтай жа камісіі са скрыняй, я за імі ўвязалася. Ішлі па спісу па 29 адрасах. Чатыры чалавекі з гэтага спісу адмовіліся галасаваць наадрэз і сказалі, што нікога не выклікалі. У адну кватэру я ўвайшла першай і сказала: "Вы нас выклікалі і мы прыйшлі", жанчына мне адказала: "Нікога мы не выклікалі і не чакалі, але калі прыйшлі, то прайдзіце". Зараз старшыня камісіі сказала, што паступіла заяўка ад 4-х чалавек. Бюлетэняў выдалі больш, бачыла, што засталося ад галасавання".

У Гародні 18 лютага назіральнік кампаніі, які ездзіў з сябрамі ўчастковай камісіі УВК №12 Ленінскага раёна на галасаванне па месцы знаходжання выбаршчыкаў, выявіў факты, што ў спісах для галасавання былі людзі, якія ўвогуле не падавалі заяўкі. Так, у кватэры па адрасе г. Гродна вул. Даватара 7, кв. 57 людзі заявілі, што не прасілі да іх прыходзіць і адмовіліся галававаць увогуле, У кватэры 20 гэтага дому жанчына заявіла, што ніхто нікому не званіў, але прагалававала. У кватэры №2 гэтага дому увогуле заявілі, што такі не пражывае. Сябры камісіі на запыт назіральніка адказалі, што  спісы ім падаў райсабес.  А па выбарчай акрузе №20 пры галасаваннi на доме высветлiлася, што два чалавекi даўно памёрлi, прычым, адзiн з iх ажно 5 гадоў таму.

Падобнае адбывалася і падчас выязнога галасавання ад УВК №19 Ленінскага раёна. Назіральнік таксама зафіксаваў факты, калі людзі заяўлялі, што не прасілі ўносіць іх у спісы. Па вул. Церашковай 15, кв. 9 чалавек, які адчыніў дзверы, сварыўся, казаў, што не выклікаў на дом нікога, і адмовіўся галасаваць. Тое самае было і яшчэ з іншым выбаршчыкам з суседняга дому. Назіральнік, які суправаджаў сябраў УВК №15 таго ж раёна, ледзве не з паловы спісу для галасавання на даму назіраў такую сітуацыю, калі людзі разгублена казалі, што ўжо прагаласавалі на ўчастку. А да іх прыйшлі яшчэ і на дом.

У Наваполацку на выбарчым участку №17 нібыта збіраліся галасаваць на даму 127 чалавек, але калі вярнуліся на ўчастак усе 3 групы (адна група ездзіла 2 разы) - прагаласавала 36 чалавек. Нібыта нехта адмовіўся, а адзін чалавек сталага ўзросту прыйшоў галасаваць на ўчастак, хаця ўнесены ў спісы на даму. Верагодна, на думку назіральнікаў, спісы складаліся па выніках абыходу кватэр, альбо з іншых крыніц, толькі не па званках жыхароў. Таму і вынік такі: 36 з 127-мі. Па стане на 12-30 тут прагаласавалі 281 чалавек.

Светлагорск. Учора, 17 лютага, старшыня выбарчай камісіі участка №26 прапанавала назіральніцы Алене Маслюковай схадзіць на галасаванне па месцы жыхарства выбаршчыкаў. Назіральніца пагадзілася. А сёння яна папрасіла сябра камісіі зверыць спісы прагаласаваўшых датэрмінова са спісам "надомнікаў".

“Раптам, кажа, яны галасавалі раней. Справа ў тым, што гэтыя спісы ў іх зараней падрыхтаваныя. За ўвесь час назірання не было ніводнага званка з просьбай зарэгістраваць галасаванне па месцы жыхарства” – паведамляе назіральніца.

"З 7.30 наша каманда "Альтэрнатывы" пачала назіранне за ўчасткамі для галасавання па Кальварыйскай выбарчай акрузе ў Мінску. На участках №114, №119 скрыні для галасавання знаходзяцца далёка ад назіральнікаў (яны папросту іх не бачаць), на заўвагі назіральнікаў у камісіі не рэагуюць", - паведамляе ў сацыяльных сетках кандыдат у дэпутаты Алег Корбан

Па інфармацыі назіральнікаў, выбарчы участак  №56 у Бабруйску адрапартаваў  аб  40-адсоткавай яўцы пад час датэрміновага галасавання. Усяго на ўчастку зарэгістравана 2822 выбаршчыкаў. Участак месціцца ў гарадской паліклініцы №7.

У Оршы назіральнік ад АГП Міхаіл Чэмурака, які назіраў на ўчастку №16 (размешчаны ў СШ №5), паехаў на галасаванне на даму з сябрамі камісіі, у якіх было 100 бюлетэняў для выбаршчыкаў, якія быццам бы пажадалі галасаваць дома. Але ў выніку са 100 бюлетэняў запоўненымі апынуліся толькі 14 - у астатнім або людзі не адчынялі дзверы, або адмаўляліся галасаваць. Затое іншая частка камісіі, якая атрымала 200 бюлетэняў і паехала на выязное галасаванне без кантролю назіральнікаў, праз тры гадзіны прывезла поўную скрыню запоўненых бюлетэняў. 

У Магілёве з выбарчага ўчастку № 152 выдалены назіральнік кандыдата на дэпутацтва ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ўладзімера Шанцава — Юры Дарашэнка. Па словах актывіста, афіцыйная прычына — «перашкоды працы камісіі», паведамляе  Радыё Свабода

"Праваабаронцы за свабодныя выбары".


Каментары