Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Брэст: у склад акруговых камісій трапілі два прадстаўнікі АГП

Паседжанне па фармаванні АВК у Брэсце. Фота brestspring.com
Паседжанне па фармаванні АВК у Брэсце. Фота brestspring.com

Чацвёртага снежня адбылося пасяджэнне Прэзідыума Брэсцкага абласнога Савета дэпутатаў і Брэсцкага абласнога выканкама, на якім было ўтворана 57 акруговых выбарчых камісій. Па інфармацыі, агучанай на пачатку паседжання, у склад АВК было вылучана 759 прэтэндэнтаў па вобласці. 99 з іх - працоўнымі калектывамі, ад грамадзян – 227, палітычнымі партыямі - 46, грамадскімі аб’яднаннямі - 387.

Па выніках у склад акруговых камісій увайшло 679 чалавек. Сярод іх 379 - прадстаўнікі грамадскіх аб'яднанняў (у іх ліку 35 ад палітычных партый), 209 вылучаных шляхам падачы заявы, 91 - працоўнымі калектывамі.

Гэтым разам у склад АВК трапіла 3 прадстаўнікі ад БПЛ “Справядлівы свет” і 2 ад Аб’яднанай Грамадзянскай партыі (АГП). Прычым, як адзначае наш назіральнік Уладзімір Вялічкін, вылучэнцы ад АГП і “Справядлівага свету” патрапілі ў тыя АВК, дзе не было “конкурсу”.

У працэсе адбора кандыдатур пасяджэнне кіравалася рэкамендацыямі “працоўных груп”. Асноўнай падставай дзеля ўключэння ў склад АВК быў “досвед працы ў выбарчых камісіях”. Але гэты крытэр не распаўсюдзіўся, напрыклад, на вылучэнца ад “Справядлівага свету” Леаніда Чапурных, у якога ўжо быў такі досвед. Аднак, паводле слоў  Вялічкіна, на паседжанні прагучала, што “на момант прыняцця рашэння пра яго досвед не было вядома”.

Адмаўлялі прэтэндэнтам на сяброўства ў АВК на падставе наступных фармулёвак: "занадта сталы узрост", "перамена месца жыхарства", "кепскі стан здароў'я", "няправільна аформленая заява", "сумнеў у магчымасцях выконваць абавязкі сябра камісіі", "працоўны калектыў, адкуль звольнены прэтэндэнт, супраць". Некаторыя бралі “самаадвод”, спасылаючыся на празмерную занятасць, і абяцалі пазней працаваць ва УВК.

Большасць у абраных АВК склалі вылучэнцы ад праўладных грамадскіх арганізацый, такіх як “Чырвоны крыж”, “Белая Русь”, “БРСМ”, “Таварыства ветэранаў”, “Саюз жанчын”, таксама ад афіцыйных прафсаюзаў.

Уладзімір Вялічкін адзначае, што падчас пасяджэння месцы працы вылучэнцаў не агучваліся. Але вядома, што за рознымі шляхамі вылучэння ў большасці сваёй крыюцца прадстаўнікі выканкамаў і кіраўнікі розных узроўняў разнастайных дзяржаўных устаноў і прадпрыемстваў. Напрыклад, у АВК-47 уключана 3 загадчыцы, дырэктар, галоўны спецыяліст Пінскай гарадской арганізацыі ГА “БРСМ”, 4 пенсіянеры і 2 работніка Пінскага гарвыканкама (начальнік аддзела і галоўны спецыяліст яшчэ аднаго аддзела).

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары