Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Гарадзенскія дэмакратычныя партыі абмеркавалі стратэгію і тактыку на мясцовыя выбары

У Гродна прайшоў арганізацыйны сход прадстаўнікоў дэмакратычных арганізацый, дзе абмяркоўвалась тактыка і стратэгія выбарчай кампаніі ў мясцовыя Саветы дэпутатаў. Кіраўнікі  палітычных партый узгаднілі паміж сабой, па якіх гарадзенскіх выбарчых акругах будуць вылучацца іх кандыдаты.

Ігар Банцар
Ігар Банцар

"Самае галоўнае на дадзеным этапе - гэта пазбегнуць нездаровай канкурэнцыі паміж прадстаўнікамі дэмакратычнай кааліцыі. Мы павінны размеркаваць выбарчыя акругі паміж нашымі кандыдатамі так, каб яны не перакрыжоўвалісь паміж сабой. Як гэта часта здаралась раней, па нейкай адной акрузе ідзе два дэмакратычных кандыдата, а па іншай няма ніводнага", - адзначыў сябра Аб’яднанай Грамадзянскай партыі Ігар Банцар.

Вадзім Саранчукоў
Вадзім Саранчукоў

У сваю чаргу старшыня партыі БНФ Вадзім Саранчукоў адзначыў:  

"На самой справе перспектыў у гэтай выбарчай кампаніі няма. Гэта ўжо яскрава бачна па тым як фармавалісь выбарчые камісіі. Нашых вылучэнцаў у камісіі не ўключылі . Надзеі на тое, што гэтыя выбары будуць адкрытыя і празрыстыя, на сёняшні дзень няма. Таму гэтую кампанію трэба выкарыстоўваць для легалізацыі свайго статусу. Максімальна эфектыўна правесці інфармацыйную кампанію. Праз пікеты, улёткі, давесці сваю пазіцыю да людзей". 

Падсумоўваючы сустрэчу, прадстаўнікі гарадзенскіх дэмакратычных партый АГП, БНФ і Ініцыятывы па стварэнню Беларускай Хрысціянскай Дэмакратыі вызначылі сваіх кандыдатаў у 7 з 30 акругаў па выбарах ў Гарадзенскі гарадскі савет. Адпаведна, Аб’яднаная Грамадзянская партыя выстаўляе 4 кандыдаты, ад партыі БНФ стартуе адзін і ад БХД 2 кандыдаты, якія будуць змагацца за дэпутацкія мандаты ў Гарадзенскім гарсавеце.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары