Дзе ў Беларусі нельга ладзіць пікеты падчас выбараў?
На сайтах раённых выканаўчых камітэтаў не так даўно былі апублікаваныя рашэнні аб месцах, забароненых для правядзення пікетаў падчас кампаніі па выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў. Мы вырашылі паглядзець, у якіх раёнах краіны створаны найбольш спрыяльныя ўмовы для пікетаванняў з мэтай збору подпісаў для вылучэння кандыдатаў у дэпутаты, а ў якіх, наадварот, ініцыятыўным групам трэба будзе пастарацца, каб неспадзявана не правесці пікет у забароненым месцы.
Мінская вобласць
Рашэнні аб вызначэнні месцаў, забароненых для правядзення пікетаў па зборы подпісаў па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты, прынятыя выканаўчымі камітэтамі раёнаў Мінскай вобласці, па праву можна лічыць самымі ліберальнымі. У 8 з 22 раёнаў праводзіць пікеты можна практычна без абмежаванняў. Так, у Жодзінскім раёне пікетаваць забаронена толькі на пасадачных пэронах чыгуначнага вакзалу Жодзіна ды станцыі "Жодзіна-Паўднёвае". У Маладзечанскім, Мінскім, Мядзельскім і Пухавіцкім раёнах – на платформах чыгуначнага і аўтобуснага транспарту. У Валожынскім раёне існуе забарона толькі на пікеты на аб’ектах чыгункі. Тая самая сітуацыя і ў Крупскім раёне. Ва Уздзенскім раёне пікетаваць нельга толькі на прыпынках грамадскага транспарту.
Што датычыцца астатніх 14 раёнаў Мінскай вобласці, то ні ў адным з іх не ўстаноўлена нейкая пэўная адлегласць, бліжэй за якую нельга збіраць подпісы. Ва ўсіх гэтых раёнах проста існуе забарона на пікеты на цэнтральных плошчах (у Дзяржынскім і Вілейскім раёнах нельга ладзіць пікеты на двух плошчах у кожным райцэнтры). Таксама ва ўсіх згаданых раёнах, акрамя Бярэзінскага, нельга займацца зборам подпісаў на аб’ектах чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту.
Ні ў адным раёне Мінскай вобласці не існуе забаронаў на пікеты ля ўстаноў аховы здароўя і адукацыі.
Дарэчы, доўгатэрміновы назіральнік Аляксей Лапіцкі з Жодзіна адзначыў, што ў горадзе ўпершыню прынята такое ліберальнае рашэнне. Ён склаў інфаграфіку, якая паказвае, якія забароны на правядзенне пікетаў існавалі падчас выбарчых кампаній у мінулыя гады.
Гарадзенская вобласць
У Гарадзенскай вобласці амаль ва ўсіх раёнах устаноўлена аднолькавая адлегласць ад адміністрацыйных будынкаў, бліжэй за якую нельга рабіць выбарчыя пікеты. Гэта 50 метраў. Выключэнне – Ваўкавыскі раён, дзе пікетаваць забаранілі на пешаходным мосце праз чыгунку і на пуцепровадах па вул. Ракасоўскага, Жолудзева, 129 Арлоўскай дывізіі, а таксама на тэрыторыі чыгуначных і аўтастанцый. Пра забароны ладзіць пікеты ля выканкамаў у адпаведным рашэнні нічога не сказана. У астатніх 16 раёнах вобласці забараняецца пікетаваць бліжэй за 50 метраў да будынкаў выканаўчых і распарадчых органаў. У 9 з 17 раёнах такая ж забарона распаўсюджваецца на будынкі судоў і пракуратуры.
Таксама асаблівасцю з’яўляецца тое, што ва ўсіх раёнах, акрамя Бярэставіцкага, існуе забарона на пікеты на тэрыторыях аб’ектаў чыгуначнага і аўтамабілнага транспарту (вакзалы, станцыі).
А ў Астравецкім, Мастоўскім, Свіслацкім і Гарадзенскім раёнах дадаткова існуе забарона на пікеты на тэрыторыі ўстаноў аховы здароўя і адукацыі.
У самім Гродна забаронена збіраць подпісы на адлегласці менш 50 метраў ад будынкаў мясцовых выканаўчых і распарадчых органаў, судоў, органаў пракуратуры. Таксама забарона распаўсюджваецца на тэрыторыі аўта- і чыгуначных вакзалаў.
Магілёўская вобласць
У розных раёнах Магілёўшчыны насамрэч створаны зусім розныя ўмовы для арганізаццыі збору подпісаў за вылучэнне кандыдатаў у дэпутатаў у грамадскіх месцах. Больш за ўсё магчымасцяў для правядзення пікетаў існуе ў Касцюковіцкім раёне, дзе забароны на пікетавання распаўсюджваюцца толькі на чыгуначную станцыю Камунары.
У 17 раёнах з 21 нельга ладзіць пікеты бліжэй за 50 метраў да будынкаў выканаўчых камітэтаў. У трох раёнах (Круглянскім, Горацкім, Чэрыкаўскім) існуе проста забарона на пікеты на цэнтральных плошчах райцэнтраў, без указання адлегласцяў.
У 17 раёнах існуе забарона на пікеты на аб’ектах чыгункі і аўтамабільнага транспарту. Выключэнні – Бабруйскі, Магілёўскі, Шклоўскі і ўжо ўзгаданы Касцюковіцкі раёны. Дарэчы, у Шклоўскім і Крычаўскім раёнах нельга ладзіць пікеты бліжэй за 50 метраў ад будынкаў судоў, пракуратуры, мясцовых аддзелаў унутраных спраў, Следчага камітэту, Камітэту дзяржбяспекі і папраўчай калоніі (ў Шклове).
У Бялыніцкім раёне існуе забарона на пікеты ля Цэнтра культуры. У Горацкім – ля паліклінікі. Пры гэтым, у іншых раёнах няма ніякіх забаронаў на пікеты ля ўстаноў аховы здароўя і адукацыі.
Асобна трэба адзначыць Быхаўскі раён, дзе ўстаноўленыя забароны на пікеты каля цэнтру дзіцячай творчасці і філіялу АТ “Бабушкіна крынка”.
Брэсцкая вобласць
Самыя разнастайныя рашэнні адносна забароненых месцах для правядзення выбарчых пікетаў па зборы подпісаў прынятыя ў Брэсцкай вобласці. Так, у 7 раёнах (Бярозаўскім, Баранавіцкім, Ганцавіцкім, Жабінкаўскім, Іванаўскім, Камянецкім і Пінскім) устаноўлена 20-метровая адлегласць, бліжэй за якую нельга ладзіць пікеты каля адміністрацыйных будынкаў. Але ў іншых 9 раёнах (Брэсцкім, Драгічынскім, Івацэвіцкім, Кобрынчкім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Маларыцкім, Пружанскім і Столінскім) такая адлегласць – 50 метраў.
Прадказальна, бліжэй за пазначаную адлегласць, нельга ладзіць пікеты ля будынкаў выканкамаў. Выключэнне – Іванаўскі раён, дзе забаранілі збіраць подпісы бліжэй за 20 метраў ад будынкаў суда, пракуратуры, аддзелу ўнутраных спраў, вайсковага камісарыята і аддзелу па надзвычайных сітуацыях, пры гэтым забыўшыся на выканаўчы камітэт.
Забарона на пікеты ля судоў і пракуратуры існуе ў 11 раёнах Брэсцкай вобласці, у 9 раёнах забаронена збіраць подпісы на тэрыторыях устаноў аховы здароўя і адукацыі.
У Іванаўскім, Жабінкаўскім, Камянецкі і Лунінецкім раёнах адсутнічае забарона на правядзенне пікетаў на аб’ектах чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту. У астатніх 12 такая забарона ёсць.
Дарэчы, у рашэнні аб вызначэнні забароненых для пікетаў месцаў у Брэсцкім раёне значацца перакрыжаванні, масты і пешаходныя пераходы. А ў Ляхавіцкім раёне ініцыятыўныя групы не змогуць збіраць подпісы на тэрыторы культавых будынкаў рэлігійных абшчын.
Што датычыцца гарадоў абласнога падпарадкавання, то ў Баранавічах і Пінску нельга пікетаваць бліжэй за 50 метраў ад выканкама, пракуратуры, суда і аддзела ўнутраных спраў. У Брэсце забарона датычыцца вайсковых камісарыятаў, будынкаў КДБ, СК і Дэпартаменту аховы. У Пінску ў спіс забароненых аб’ектаў таксама ўваходзяць прыпынкі грамадскага транспарту, чыгуначныя і аўтастанцыі.
Віцебская вобласць
У Віцебскай вобласці практычна ва ўсіх раёнах усталявана адлегласць у 20 метраў, бліжэй за якую нельга ладзіць пікеты. Выключэннямі з’яўляюцца два раёны: Міёрскі і Аршанскі.
Самая станоўчая сітуацыя ў Міёрскім раёне, дзе забарона пікетаваць распаўсюджваецца толькі на тэрыторыі арганізацый аховы здароўя. Улады Аршанскага раёна вырашылі “выдзеліцца” на фоне астатніх і ўстанавілі, што збіраць подпісы нельга бліжэй не за 20, а за 50 метраў да будынкаў выканкама, суда, паркуратуры і аддзела ўнутраных спраў.
У той самы час у Лепельскім раёне прапісана забарона на пікеты ў адлегласці бліжэй за 20 метраў не толькі ад будынкаў выканкама, пракуратуры, судоў, КДБ, СК, аддзелу па надзвычайных сітуацыях, ды вайсковых камісарыятаў, але і ад раённага вузла паштовай сувязі, прадпрыемства “Бароўка”, вайсковага санаторыя, “Белтэлекаму” і РУП “Віцебскэнерга”.
У 18 раёнах з 21 існуе забарона на пікеты ля будынкаў судоў, пракуратуры і аддзелаў унутраных спраў. Збіраць подпісы на аб’ектах чыгункі і аўтамабільнага транспарту забаронена толькі ў чатырох раёнах – Ушацкім, Лепельскім, Талочынскім і Аршанскім. У Шумілінскім, Глыбоцкім, Ушацкім і Талочынскім раёнах забаронена праводзіць пікеты на тэрыторыях арганізацый аховы здароўя і адукацыі. У Шумілінскім і Глыбоцкім раёнах – таксама ля аб’ектаў вода- цепла- і энергазабеспячэння, а ва Ушацкім – ля музея народнай славы.
Гомельская вобласць
Больш за ўсё забароненых месцах для правядзення пікетаў існуе ў Гомельскай вобласці. Ва ўсіх без выключэння раёнах (іх 21) устаноўлена 50-метровая адлегласць ад адміністрацыйных будынкаў, бліжэй за якую нельга ладзіць пікеты па зборы подпісаў на вылучэння кандыдатаў у дэпутаты.
Асобна варта адзначыць Светлагорскі і Мазырскі раёны, дзе створаны найбольш строгія ўмовы. У Светлагорскім, напрыклад, пікетаваць можна толькі за 200 метраў ад будынкаў выканкаму, РАУС, пракуратуры і мясцовага тэлебачання, за 100 метраў – ад мясцовай бальніцы і за 50 м – ад суду, устаноў адукацыі, аўта- і чыгуначнай станцыі. Што датычыцца Мазырскага раёна, то там існуе забарона на пікеты ў адлегласці бліжэй за 50 метраў ад выканкамаў, аддзелу ўнутраных спраў, суда, пракуратуры, вайсковых камісарыятаў, у адлегласці бліжэй за 100 метраў – ад будынкаў арганізацый аховы здароўя, у адлегласці бліжэй за 200 метраў – ад будынкаў “Тэлеканалу Мазыр”, “Рэдакцыі радыёпраграмы “Нэлі-інфа”, радыётэлевізійных перадаючых станцый і радыёперадаючых станцый.
Амаль ва ўсіх раёнах Гомельшчыны існуюць забароны на пікеты ля вайсковых камісарыятаў, аддзелаў па надзвычайных сітуацыях і памежных застаў (дзе яны існуюць). У 17 раёнах (акрамя Лельчыцкага, Ельскага, Жлобінскага і Чачэрскага) дазволеная адлегласць для правядзення пікетаў для мясцовых бальніц складае 100 метраў. Тэрыторыі каля аб’ектаў чыгуначнага і аўтамабільнага транспарту амаль ва ўсіх раёнах вобласці таксама з’яўляюцца забароненымі для пікетавання.
У самім Гомелі пікетаванне забаронена на адлегласці менш за 50 метраў ад будынкаў выканкамаў, судоў, пракуратуры, прыпынкаў грамадскага і чыгуначнага транспарту, падземных пешаходных пераходаў, на адлегласці менш за 100 метраў ад плошчы Леніна і будынкаў арганізацый аховы здароўя. Незалежны назіральнік Леанід Судаленка адзначыў, што, параўноўваючы прынятае рашэнне з мінулым рашэннем 2016 года, новым з’яўляецца толькі адсутнасць забароны збіраць подпісы каля тэлерадыёкампаніі “Гомель”, РУП “Белтэлекам” ды каля будынка радыёвяшчання і тэлебачання.