Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Гародні палітычныя структуры праявілі нізкую актыўнасць пры рэгістрацыі ініцыятыўных груп

У Гародні прайшло паседжанне па рэгістрацыі ініцыятыўных груп па зборы подпісаў у падтрымку вылучэння кандыдатаў у дэпутаты Гарадзенскага гарадскога Савету дэпутатаў. Было пададзена 49 камплектаў дакументаў на рэгістрацыю, паведамляе "Гарадзенская Вясна". У выніку зарэгістравана 48 ініцыятыўных груп. Адной групе адмоўлена ў рэгістрацыі.

Не была зарэгістравана ініцыятыўная група па вылучэнні Янцэвіча Яўгенія Фаміча. Прычынай стала тое, што прэтэндэнт у кандыдаты не жыве там, дзе збіраўся балатавацца: жыве ён у Лідскім раёне ў Бярозаўцы, а балатавацца збіраўся ў Гародні. Таксама даведка з працы сведчыла пра тое, што ён працуе па дагавору паручэння, а не па працоўным дагаворы, і таму не можа сваё месца працы прывязаць да выбарчай акругі.

З апазіцыйных палітыкаў падаваліся і зарэгістраваліся толькі наступные тры ініцыятыўныя групы:

Васіля Корабава, сябра АГП і РЭП,

Ігара Банцара, сябра АГП і РЭП,

Мікалая Саляніка, сябра АГП.

Такім чынам, у Гародні пакуль што на 30 акругаў зарэгістравана 48 патэнцыйных прэтэндэнтаў. Гэта 1,6 прэтэндэнта на адну акругу, што сведчыць пра вельмі нізкую актыўнасць і цікавасць да выбараў у мясцовыя Саветы дэпутатаў.

Застаецца толькі чакаць, што вылучэнцы ад партый павялічаць гэтую лічбе. Хоць ужо можна сцвярджаць, што ў зборы подпісаў за сваіх вылучэнцаў палітычныя партыі прымуць вельмі нязначны ўдзел.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары