Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Прапануем далучацца да грамадскага кантролю за выбарамі!

Валанцёрская служба Праваабарончага цэнтру "Вясна" прапануе кожнаму і кожнай перастаць верыць у сіні экран і паспрабаваць паглядзець на ўсё ўласнымі вачыма. Раптам яшчэ нешта і змяніць да лепшага можна! Ёсць магчымасць незалежна паназіраць за такой рэдкай (раз на чатыры гады) падзеяй як выбары ў мясцовыя Саветы дэпутатаў усіх узроўняў.

Навошта нам патрэбныя назіральнікі?

Праваабаронцаў хвалюе пытанне сумленных і свабодных выбараў, паколькі гэта тычыцца аднаго з фундаментальных правоў чалавека. Нягледзячы на ​​тое, што з мінулых выбараў нічога не змянілася, і нават калі мы ўсё ведаем наперад, важная незалежная фіксацыя фактаў фальсіфікацыі выбараў і іншых магчымых парушэнняў. У межах кампаніі "Праваабаронцы за свабодныя выбары" ўжо працуе тэматычны сайт да маючых адбыцца выбараў. Можаш паглядзець, ці блізкая табе гэтая тэматыка.

Каго мы шукаем?

Нам патрэбныя актыўныя назіральнікі, якія падзяляюць прынцыпы аб'ектыўнасці і незалежнасці, гатовыя прайсці профільнае навучанне і на валанцёрскіх умовах назіраць на выбарчым участку ў любым зручным пункце краіны ў дзень галасавання 18 лютага, а па магчымасці - і падчас датэрміновага галасавання.  

Як стаць назіральнікам\цай?

Для таго, каб назіранне ажыццяўлялася ўпэўнена і не мела наступстваў, прапануем прайсці невялікае дыстанцыйнае навучанне. Спецыяльна для гэтага мы распрацавалі відэакурс, які дазваляе дыстанцыйна азнаёміцца ​​з тэмай грамадзянскага кантролю, атрымаць практычныя рэкамендацыі ад экспертаў па назіранні за выбарамі (відэа-лекцыі, дадатковыя матэрыялы і тэсты).

Проста рэгіструйся на старонцы відэакурса, абавязкова прайдзі частку 1 і 2, астатнія - па жаданні. Потым пішы нам пра сваю гатоўнасць назіраць на мэйл help@spring96.org.

Відэакурс даступны ўжо зараз, мы прымаем назіральнікаў за выбарамі да 1 лютага 2018 года, каб паспець зрабіць накіраванне на выбарчы ўчастак.

Што гэта дае?

Удзел у назіранні за выбарамі дае неацэнны вопыт назірання, знаёмства з праваабаронцамі і пашырэнне ўласных гарызонтаў. Толькі будзь асцярожным - грамадзянскі кантроль трошкі «падсаджвае», потым будзеш кантраляваць усе дзяржаўныя органы і грамадска значныя падзеі.

А дзе 3 у 1?

Расказваем: у відэакурсе таксама ёсць дзве часткі аб тым, як назіраць за масавымі мерапрыемствамі (мы гэта робім часта, глядзіце вынікі) і судамі. Калі цікавяць гэтыя тэмы - праходзь відэакурс і пішы нам на мэйл help@spring96.org - практычны вопыт гарантуем!

Увага!

Грамадскае назіранне адбываецца на добраахвотнай аснове - як функцыя і асабістая пазіцыя ўдзельнікаў. Назіранне не аплочваецца арганізатарамі.


Каментары