Валянцін Стэфановіч паўторна звярнуўся ў ЦВК: Праверку па маёй заяве правялі фармальна і няпоўна
“Няпоўнай і фармальнай” праваабаронца Валянцін Стэфановіч лічыць праверку, якую правяла Мінская гарадская выбарчая камісія па фактах, выкладзеных у ягоным звароце ў ЦВК. Зварот тычыўся магчымага фінансавання з боку БРСМ удзелу студэнтаў у перадвыбарчых пікетах і прадстаўлення ім вызвалення ад заняткаў.
Нагадаем, што ў сярэдзіне снежня праваабаронцам з ананімных крыніц стала вядомая перапіска ў закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ. З паведамленняў вынікае, што сакратарка “БРСМ” гэтага факультэту і начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ актыўна запрашалі студэнтаў браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты ў якасці сябраў іх ініцыятыўных груп. Пры гэтым тым, хто пагодзіцца, абяцалі прэмію ў памеры 15 рублёў і вызваленне ад заняткаў на ўвесь дзень. З гэтай нагоды юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву ў Цэнтрвыбаркам з просьбай правесці праверку па дадзеным выпадку і прыняць адпаведныя меры рэагавання.
ЦВК перанакіраваў скаргу Стэфановіча ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію для правядзення праверкі і рэагавання. У ходзе праверкі 27 снежня парушэнняў дзеючага выбарчага заканадаўства і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў дзеяннях актывістаў БРСМ з Беларускага дзяржаўнага універсітэта не выяўлена.
“Як вынікае з рашэння Мінскай гарадской камісіі, – піша ў паўторнай скарзе ў ЦВК Стэфановіч, – у ходзе праверкі заявы былі ўзятыя тлумачэнні ў Івана Шчэрбіна і Юліі Муштуковай, прозвішчы якіх фігуравалі ў перапісцы. У сваёй тлумачальнай Ю. Муштукова ўказала, што хацела вылучыць сваю кандыдатуру ў кандыдаты ў дэпутаты Мінскага гарадского Савета дэпутатаў, таму вырашыла сабраць ініцыятыўную групу, аб чым размясціла інфармацыю ў сацыяльных сетках. Паколькі на яе прапанову ніхто са студэнтаў не адгукнуўся, яна ад гэтай ідэі адмовілася.
З тлумачальнай І. Шчэрбіна вынікае, што інфармацыю аб працы пікетаў ён размясціў з мэтай узору працягласці іх працы і месцаў размяшчэння, на выпадак стварэння ініцыятыўнай групы Ю. Муштуковай.
Лічу, што інфармацыя ў перапісцы сведчыць аб закліку да ўдзелу ў пікетах у якасці сябраў ініцыятыўнызх груп іншых кандыдатаў, бо перапіска не ўтрымлівае заклікаў ці просьбаў аб далучэнні студэнтаў у якасці сябраў ініцыятыўнай групы па вылучэнні Ю. Муштуковай у якасці кандыдата ў дэпутаты”.
Але, па меркаванні праваабаронцы, ключавой інфармацыяй у дадзенай перапісцы з’яўляецца прапанаванае Ю. Муштуковай грашовае ўзнагароджанне ў памеры 15 рублёў і адгулы на адзін дзень усім ахвочым пастаяць у пікетах у якасці сябраў ініцыятыўных груп. Мінская гарадская выбарчая камісія у сваёй праверцы ніякім чынам не дала гэтым фактам сваю ацэнку. Не была правераная і інфармацыя аб прадастаўленні (прапанове) адгулаў студэнтам, якія могуць быць прадастаўленыя выключна па ўзгадненні з адміністрацыяй эканамічнага факультэта БДУ.
"Між тым як раз гэтая інфармацыя мае значэнне для ацэнкі дзеянняў функцыянераў ГА “БРСМ” і адміністрацыі БДУ з пункту гледжання парушэння дзеючага выбарчага заканадаўства”, - заяўляе праваабаронца.
Валянцін Стэфановіч таксама ўказвае, што не быў апавешчаны Мінскай гарадской выбарчай камісіяй аб часе і месцы разгляду сваёй заявы. У той жа час згодна з арт. 49.1 ВК аб даце і месцы правядзення паседжання паведамляецца заяўніку, які мае права прысутнічаць пры разглядзе скаргі. Таксама Мінская гарадская камісія ў якасці пісьмовага адказу на мой зварот даслала толькі ўведамленне аб ягоным разглядзе, без указання нумару прынятага рашэння і без дадатку самога рашэння.
Валянцін Стэфановіч просіць ЦВК адмяніць рашэнне Мінскай гарадской выбарчай камісіі ў сувязі з непаўнатой праведзенай праверкі і паўторна разгледзець яго зварот па сутнасці, а таксама ўказаць кіраўніцтву Мінскай гарадской выбарчай камісіі аб неабходнасці дакладнага выканання патрабаванняў арт. 49.1 ВК пры разглядзе зваротаў грамадзян.