У Гродна незалежнаму назіральніку дазволілі азнаёміцца з дакументамі вылучэнцаў
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Раман Юргель паведаміў, што ўпершыню за шмат гадоў яму было дазволена азнаёміцца з дакументамі і сабранымі подпісамі вылучэнцаў у кандыдаты ў дэпутаты Гарадзенскага абласнога Савету дэпутатаў па адной з выбарчых акруг.
Як распавёў назіральнік, 8 студзеня ён падаў заяву з адпаведнай просьбай у выбарчую камісію №11 па Вішнявецкай акрузе. На наступны дзень Юргелю патэлефанавала старшыня АВК Таццяна Камскова і запрасіла прыйсці азнаеміцца з дакументамі аднаго з трох прэтэндэнтаў у кандыдаты. Паводле словаў Камсковай, два прэтэндэнты здалі пакеты дакументаў 6 студзеня. Падчас размовы старшыня АВК прасіла ў назіральніка прабачэння за тое, што подпісы аднаго з кандыдатаў (галоўнага доктара гарадской бальніцы Аляксандра Сурава) праверылі ў адсутнасці назіральніка яшчэ да Новага года. Два іншых прэтэндэнта па дадзенай акрузе - вылучэнец ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Мораў і прадстаўнік Партыі працы і справядлівасці Знайдзенскі. У выніку Раман Юргель дамовіўся з Таццянай Камсковай пра тое, што ў назіральніка будзе магчымасць азнаёміцца з дакументамі ўсіх трох вылучэнцаў па Вішнявецкай акрузе. Паводле словаў Юргеля, такіх крокаў з боку выбарчых камісій не было апошнія 17 гадоў.
“На прошлых выбарах заўседы мы, назіральнікі, атрымлівалі адказы з выбарчых камісій, што прысутнічаць на выніковых паседжаннях, калі ідзе разгляд, зацвярджэнне і галасаванне АВК па кандыдатах, мы маем права. Але правяраць дакументы мы не можам, бо гэта не прадугледжана ВК РБ”.
Раман Юргель азнаёміцца з дакументамі прэтэндэнтаў у кандыдаты непасрэдна напярэдадні паседжання па іх рэгістрацыі.