Як “несапраўдныя подпісы” апынуліся “сапраўднымі” – выбарчая гісторыя
Гомельская акруговая камісія зарэгістравала кандыдатам у мясцовыя дэпутаты жыхарку Жлобіна Галіну Пашкоўскую (вылучаецца ад кампаніі”Гавары праўду”), якой раённая Жлобінская выбарчая камісія адмовіла ў рэгістрацыі. Сп. Галіна балатуецца па Камсамольскай выбарчай акрузе ў Жлобінскі раённы савет дэпутатаў. Афіцыйная падстава адмовы ў рэгістрацыі – несапраўднасць 8 з 15 абраных на праверку подпісаў выбарцаў. Сябры камісіі паведамілі Галіне Пашкоўскай, што яны спачатку візуальна ацэньвалі сапраўднасць подпісаў, а потым хадзілі па кватэрам і спраўджвалі яе подпісы.
“Мне выбарцы паведамілі, што да іх ніхто не прыходзіў і ніхто іх ні пра што не запытваўся, –каментуе Галіна Пашкоўская, - і дзіўны, канешне, спосаб ацэньваць сапраўднасць подпісаў: арыентацыя на візуальную частку”.
Кандыдатка пераканана, што яе нерэгістрацыя Жлобінскай выбарчай камісіяй – палітычна матываваная.
“Была прадузятасць да мяне падчас прыняцця рашэння аб рэгістрацыі, - кажа Галіна, - бо па маёй акрузе вылучаецца дзейсны дэпутат, вось і не ведалі ўжо да чаго дачапіцца. Дачапіліся да подпісаў. Але я была пераканана ў сваіх подпісах, я ўласнаручна іх збірала”.
З Гомельскай акруговай камісіі паведамілі, што для адмены рашэння раённай выбарчай камісіі аб нерэгістрацыі неабходна каб кандыдатка ўзяла распіскі ў выбарцаў, што яны насамрэч падпісаліся за яе. Сп. Галіне давялося яшчэ раз звяртацца да выбарцаў ужо па распіскі.
“Я рада, што акруговая камісія была аб’ектыўнай і зарэгістравала мяне і гэта мяне здзівіла, нават не чакала, - адзначае Галіна Пашкоўская, - цяпер буду актыўна займацца агітацыяй”.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле “Гомельскай Вясны”.