Мінск: На ўчастку №36 перабралі: за 2 дні прагаласавала больш чвэрці выбаршчыкаў
Участак для галасавання №36, які размяшчаецца ў інтэрнаце №1 Мінскага дзяржаўнага лінгвістычнага ўніверсітэта, працягвае паказваць сенсацыйныя вынікі па датэрміновым галасаванні на выбарах дэпутатаў у Мінскі гарадскі Савет.
Па інфармацыі назіральніка Аляксея Лойкі, па стане на 14 лютага, свой грамадзянскі абавязак тут паспяшаліся выканаць 662 выбаршчыкі, прычым 539 у другі дзень галасавання. Абсалютная большасць з іх – студэнты. Калі агульная колькасць па ўчастку складае 2300 чалавек, дык атрымліваецца, што за 2 дні датэрміновага галасавання тут аддалі свае галасы 28.7% выбаршчыкаў.
Калі такія тэмпы загону на ўчастак будуць працягвацца, не выключана, што ў дзень выбараў, 18 лютага, тут і галасаваць ня будзе трэба – выбары адбудуцца датэрмінова.