Даўно забытыя выбарчыя “каруселі” вяртаюцца на Беларусь
З назіральнікамі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” падзяліліся асаблівасцямі арганізацыі гэтак званых “каруселяў”, сітуацыі калі пэўныя людзі па ўказанні свайго непасрэднага кіраўніцтва, штодня наведваюць розныя ўчасткі, дзе галасуюць за падстаўных выбаршчыкаў.
“Працую ў адной са сталічных школ і сутыкнулася вось з чым. Адміністрацыя школы паставіла алоўкам нейкую пазнаку ў пашпарце і папрасіла з'явіцца на чатыры выбарчыя ўчасткі ў акрузе і прагаласаваць за пажаданага кандыдата замест незнаёмых мне людзей, - паведамляе чалавек, які з пэўных меркаванняў не хацеў сябе называць.
– Справа арганізаваная так: я прыходзіла на выбарчы ўчастак, паказвала камісіі свой пашпарт. Штампа прапіскі, які адносіў бы мяне да гэтага ўчастку, зразумела, няма. Камісія заўважала пазнаку і давала мне распісацца ў спісе аб атрыманні бюлетэня насупраць імя выбаршчыка, якое, зразумела, не супадала з маім і было мне незнаёмае. Я ставіла дату і подпіс -– усюды свой, – атрымлівала бюлетэнь, галасавала і апускала яго ў скрыню. І так на чатырох участках. Разам са мной ўчасткі абыходзілі і іншыя супрацоўнікі школы”.
Такім чынам удалося прагаласаваць на выбарчых участках, размешчаных у сярэдніх школах №185 і №201, а таксама ў гімназіях №4 і №39. Яна дакладна змагла назваць толькі адзін з выбарчых участкаў – №69.
Назіральніца Валянціна Свяцкая на ўчастку для галасавання №28 Трактаразаводскай выбарчай акругі №57 Мінска звярнула ўвагу на некалькі мужчын, у якіх пазнала тых, хто прыходзіў галасаваць днём раней. Адзін з іх меў характэрную запамінальную знешнасць і таму памыліцца было немагчыма. Назіральніца рашуча запатрабавала, каб яны пакінулі памяшканне для галасавання. Адзін з іх сыйшоў, так і не атрымаўшы ў другі раз бюлютэнь для галасавання.
Старшыня АГП Анатоль Лябедзька 14 снежня, у другі дзень датэрміновага галасавання, заспеў на адным з выбарчых участкаў Цэнтральнага раёну, там дзе балатуецца аднапартыец Мікалай Казлоў, групу з сямі жанчын, якіх арганізавана прывезлі мікрааўтобусам да гімназіі № 34. Пабачыўшы, што Лябедзька здымае відэа на тэлефон, жанчыны пачалі адварочвацца ад камеры і разыходзіцца.
“7 жанчын арганізавана прагаласавалі ў гімназіі № 34 і чакалі, калі іх падхопіць бусік ... Некаторыя рэтыраваліся бегам. Гюльчатай, адкрый тварык! Калі хто-то ідэнтыфікаваў гэтых саўдзельніцай крымінальнага злачынства дайце ведаць,” – піша ў фэйсбуку палітык і змяшчае адпаведны відэазапіс.
Такім чынам, на выбарах у мясцовыя Саветы сустракаецца не толькі прымус студэнтаў і супрацоўнікаў да датэрміновага галасавання, але і такая мудрагелістая схема, у якую ўцягнутыя нейкім чынам таксама і сябры участковых камісій.