Наваполацк: працоўных “Нафтана” прымусілі галасаваць пад пагрозай звальнення
У Наваполацку працоўныя заводаў "Нафтан" і "Палімір" адкрытага акцыянернага таварыства "Нафтан" у 16 лютага працавалі толькі да абеду, бо ў другой палове дня ім пад пагрозай звальнення было загадана прагаласаваць датэрмінова.
Як паведамілі нашаму назіральніку Алегу Пашкевічу працоўныя завода “Нафтан”, кіраўніцтва паставіла іх перад фактам: паколькі на галасаванне ім адведзены працоўны час, то калі хтосьці з іх не прагаласуе, гэты факт будзе лічыцца прагулам.
Назіральнік нагадвае, што генеральны дырэктар ААТ "Нафтан" Аляксандр Дзямідаў балатуецца ў Віцебскі абласны Савет дэпутатаў па адной з пяці выбарчых акругаў - Маладзёжнай №40. Таму прымус завадчанаў да галасавання можна разгладаць не толькі як выкананне загаду "з верху" дзеля забеспячэння яўкі, што адбываецца апошнія амаль 20 гадоў, але і патаканне асабістай зацікаўленасці гендырэктара-кандыдата ў "прыгожых" выніках выбараў па сваёй акрузе.