Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Беларусь у гадавой справаздачы ЕС па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі

16 кастрычніка 2017 года Савет міністраў Еўрапейскага Саюза зацвердзіў гадавую справаздачу па пытаннях правоў чалавека і дэмакратыі ў свеце ў 2016 годзе.

У афіцыйным прэс-рэлізе з гэтай нагоды гаворыцца, што 2016 год быў цяжкім для правоў чалавека і дэмакратыі. Скрачалася прастора для грамадзянскай супольнасці і ўзнікалі складаныя гуманітарныя і палітычныя крызісы. У сувязі з гэтым Еўрапейскі Саюз заявіў пра сваю вядучую ролю і рашучую адданасць падтрымцы і абароне правоў чалавека і дэмакратыі па ўсім свеце.

Гэтая справаздача ахоплівае шырокую карціну высілкаў ЕС у галіне правоў чалавека ў адносінах да трэціх краін ў 2016 годзе і ўключае ў сябе дзве часткі: першая частка з'яўляецца тэматычнай, і звяртае асаблівую ўвагу на выкарыстанне праваабарончага падыходу да вырашэння канфліктаў і крызісаў, асноўныя праблемы ў галіне правоў чалавека і знешнюю палітыку ЕС у сферы правоў чалавека. Другая частка з'яўляецца геаграфічнай і ахоплівае дзеянні ЕС у трэціх краінах, такім чынам, адлюстроўваючы падрабязную сітуацыю з правамі чалавека ў глабальным маштабе.

Раздзел справаздачы па Беларусі ў перакладзе ПЦ “Вясна”:

Нягледзячы на ​​тое, што ў 2016 годзе ў Беларусі не адбылося аніякіх істотных паляпшэнняў у галіне правоў чалавека, урад краіны ўпершыню прыняў нацыянальны план дзеянняў у галіне правоў чалавека, накіраваны на рэалізацыю прынятых Беларуссю рэкамендацый у межах УПА [Універсальнага перыядычнага агляду ў Савеце па правах чалавека ААН – рэд.]. Не былі змененыя абмежавальныя законы, якія закранаюць асноўныя свабоды, а смяротнае пакаранне працягвала ўжывацца. Не быў створаны незалежны інстытут па правах чалавека.

ЕС працягвае прытрымлівацца палітыкі крытычнага ўзаемадзеяння ў адносінах да Беларусі, што выяўляецца ў дадатковых кроках на шляху да паглыблення супрацоўніцтва з гэтай краінай. У сваіх Высновах па Беларусі ад лютага 2016 года Савет пацвердзіў сваю цвёрдую прыхільнасць ўмацаванню ўзаемадзеяння ЕС з беларускім народам і грамадзянскай супольнасцю, і заявіў, што “рэальныя крокі, зробленыя Беларуссю дзеля павагі да ўніверсальных асноўных свабодаў, вяршэнства закона і правоў чалавека, будуць заставацца ключавымі для фарміравання будучай палітыкі ЕС у дачыненні да Беларусі”.

Становішча ў галіне правоў чалавека па-ранейшаму азмрочана сістэматычнымі парушэннямі. Свабода асацыяцый і свабода выказвання меркаванняў строга абмежаваныя, а многія крытычныя да рэжыму арганізацыі вымушаны працаваць з-за мяжы. Недахопы ў рэалізацыі фундаментальнай  Канвенцыі МАП аб прымусовай працы былі старанна вывучаны ў 2016 годзе на Міжнароднай канферэнцыі працы.

ЕС заклікаў урад змяніць часткі заканадаўства, якія могуць прыводзіць да ўжывання прымусовай працы. МКП заклікала Беларусь зрабіць усе захады для спынення выкарыстання прымусовай працы і пераследу фактаў яе прымянення на судовым узроўні, а таксама прыняць тэхнічную дапамогу з боку МАП.

Выбарчы працэс застаецца прадметам рэзкай крытыкі з боку БДІПЧ АБСЕ, у прыватнасці праз адсутнасць празрыстасці і выкарыстанне дзяржаўнага апарату для падтрымкі дзеючага прэзідэнта. Апазіцыйныя палітычныя партыі сутыкаюцца з адміністрацыйнымі перашкодамі ў працэсе рэгістрацыі, у той час як дзейнасць па-за зарэгістраванымі арганізацыямі з'яўляецца крымінальным злачынствам.

Нягледзячы на ​​адсутнасць канкрэтнага прагрэсу з пункту гледжання палітычных правоў і асноўных свабодаў, у 2016 годзе ўлады прадэманстравалі заўважную гатоўнасць да абмеркавання пытанняў правоў чалавека з міжнароднымі партнёрамі і грамадзянскай супольнасцю. Станоўчая дынаміка ў адносінах паміж ЕС і Беларуссю была замацаваная ў лютым 2016 года пасля таго, як Савет адмяніў большасць абмежавальных захадаў у дачыненні да Беларусі, галоўным чынам, у адказ на вызваленне апошніх палітычных зняволеных у жніўні 2015 года. Урад Беларусі быў больш адкрытым для ўзаемадзеяння з ЕС па пытаннях правоў чалавека, пра што сведчыць візіт ў Мінск Спецпрадстаўніка ЕС па правах чалавека Стаўраса Ламбрынідзіса ў сакавіку 2016 года.

Гэта было падмацавана арганізацыяй канферэнцыі па пытаннях смяротнага пакарання, дыялогу па правах чалавека паміж ЕС і Беларуссю, якія часткова дазволілі ўдзел арганізацый грамадзянскай супольнасці, а таксама прыняццем нацыянальнага плана дзеянняў у галіне правоў чалавека.

У верасні 2016 г. адбыліся парламенцкія выбары, якія прайшлі ў больш адкрытай атмасферы з вялікімі магчымасцямі для вылучэння апазіцыйных кандыдатаў, што, у выніку, прывяло да абрання адной прадстаўніцы апазіцыі і адной незалежнай кандыдаткі.

ЕС працягваў удзельнічаць на розных пляцоўках у абмеркаванні з Беларуссю пытанняў правоў чалавека і дэмакратыі, у тым ліку ў межах каардынацыйнай групы “ЕС-Беларусь” (у красавіку 2016 года ў Брусэлі і ў лістападзе 2016 года ў Мінску) і ў ходзе штогадовага дыялогу па правах чалавека (чэрвень 2016 года ў Мінску). Гэтыя мерапрыемствы дазволілі правесці адкрытыя дыскусіі па шырокаму колу пытанняў, у тым ліку, але не абмяжоўваючыся, свабодных і справядлівых выбараў, свабодзе асацыяцыяў, свабодзе слова, незалежнасці судовай сістэмы, аднаўленни грамадзянскіх і палітычных правоў былых палітычных зняволеных, а таксама смяротнаму пакаранню.

ЕС і яе краіны-удзельніцы пастаянна лабіруюць уключэнне грамадзянскай супольнасці ў кансультацыі па пытаннях правоў чалавека і рэгулярна сустракаюцца з праваабаронцамі падчас візітаў на высокім узроўні. Падтрымліваючы цэлы шэраг праектаў, якія ажыццяўляюцца НДА і праваабарончымі арганізацыямі, ЕС спрыяе ўмацаванню і развіццю патэнцыялу грамадзянскай супольнасці. У 2016 годзе ЕС значна павялічыў сваё супрацоўніцтва з грамадзянскай супольнасцю, абапіраючыся на досвед НДА і Платформы грамадзянскай супольнасці Усходняга партнёрства і праз інфармаванне пра палітыку ЕС ў адносінах да Беларусі.

У 2016 годзе ЕС працягваў аказваць фінансавую падтрымку праектаў, якія фінансуюцца ў межах Еўрапейскага інструмента добрасуседства (ЕІД), Еўрапейскага інструмента ў галіне дэмакратыі і правоў чалавека (ЕІДПЧ), інструмента праграмы “Арганізацыі грамадзянскай супольнасці і мясцовыя органы ўлады” і дзякуючы сродкам дзяржаваў-сябраў ЕС.

Удзел НДА таксама з'яўляецца важнай умовай рэалізацыі праектаў у іншых галінах, такіх як эканамічнае развіццё і навакольнае асяроддзе. Яны служаць пляцоўкай для палітычнага дыялогу паміж уладамі і грамадзянскай супольнасцю і спрыяюць усталяванню даверу паміж імі.

Беларусь з'яўляецца ўдзельніцай шэрагу міжнародных канвенцый ў галіне правоў чалавека. Краіна ратыфікавала дзесяць міжнародных канвенцый па правах чалавека і прызнала кампетэнцыю Камітэта па правах чалавека і Камітэта па ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын (CEDAW) прымаць і разглядаць паведамленні ад асобаў, якія знаходзяцца пад яе юрысдыкцыяй. Беларусь прызнала працэдуру расследавання ў адпаведнасці з Канвенцыяй супраць катаванняў і Факультатыўным пратаколам да Канвенцыі аб ліквідацыі ўсіх формаў дыскрымінацыі ў адносінах да жанчын.

Беларусь не прызнае мандат Спецыяльнага дакладчыка ААН па пытанні аб становішчы ў галіне правоў чалавека ў Беларусі.

У Высновах Савета па Беларусі ад лютага 2016 года ЕС заклікае беларускія ўлады аператыўна рэалізаваць рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ, нагадвае аб той ролі, якую ён надае паляпшэнням у гэтай галіне і павазе да правоў чалавека, дэмакратыі і вяршэнства права, асуджае прымяненне смяротнага пакарання ў Беларусі і заклікае Беларусь увесці мараторый у якасці першага кроку на шляху да адмены смяротнай кары.


Каментары