Бабруйск: апазіцыянераў у гарвыбаркам не ўключылі
У Бабруйску 24 лістапада сфармавалі гарадскую выбарчую камісію. Ад партый у склад камісіі вылучаліся тры прадстаўнікі, але апазіцыянераў не ўключылі.
Як паведаміў наш назіральнік Сяржук Лацінскі, сумеснае паседжанне гарадскога выканкама і гарадскога савета дэпутатаў па фармаванні выбарчай камісіі доўжылася каля 30 хвілінаў. На 13 месцаў у камісіі прэтэндавалі 18 чалавек. Сябраў камісіі абіралі адкрытым галасаваннем.
Паседжанне адбывалася ў прысутнасці назіральнікаў ад чатырох грамадскіх аб’яднанняў – БХК, Беларускага саюза жанчынаў, БРСМ і Белай Русі.
Усім прысутным раздалі паперы са звесткамі пра вылучаных асобаў, дзе ўказаны біяграфія і шлях вылучэння. Асобным пунктам стаялі месца працы і інфармацыя адносна досведу ўдзелу ў выбарчай камісіі.
Тры прэтэндэнты вылучаліся ад палітычных партый - Партыі працы і справядлівасці, АГП і Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”.
Па адным прадстаўніку вылучылі грамадскія аб’яднанні - Белая Русь, БРСМ, Беларускае грамадскае абяднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз ветэранаў. Аднаго прадстаўніка вылучыў Беларускі прафсаюз работнiкаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму. Яшчэ дзевяць прэтэндэнтаў вылучылі грамадзяне шляхам збору подпісаў. Асобным пунктам у спісе стаяў дырэктар прыватнага прадпрыемства Ашот Айвазян, які нібыта вылучаўся шляхам збору подпісаў, але не было графы з указаннем даты, - за яго ніхто не прагаласаваў.
Па астатніх кандыдатурах разбежка ў галасах была ад 3-х да 14-ці. У склад камісіі прайшлі тыя, хто набраў 10 – 14 галасоў. Пры гэтым назіральнік адзначае, што ні абмеркавання ні спрэчак па прэтэндэнтах не было - толькі галасаванне па кожным.
У выніку ў камісію трапілі:
Арцёмчык Наталля - дырэктарка музею – вылучалася ад Беларускага прафсаюза работнiкаў культуры, інфармацыі, спорту і турызму;
Біткін Сяргей - намеснік дырэктара ААТ “Белшына” – вылучаўся ад грамадзянаў;
Бабкова Жанна - начальнік юрыдычнага аддзела гарвыканкама – вылучалася ад грамадзянаў;
Вяткін Уладзімір - старшыня арганізацыі Белай Русі – вылучаўся ад Белай Русі;
Гарбанёў Віктар - дырэктар коледжа – вылучаўся ад грамадзянаў;
Вараб'ёва Алена - старшыня Першамайскага райкома БРСМ – вылучалася ад БРСМ;
Епіфанава Ірына - старшыня прафкома ААТ “Славянка” – вылучалася ад грамадзянаў;
Кульбакова Анастасія - інжынер-праграміст механіка-тэхналагічнага коледжа – вылучалася ад грамадзянаў;
Нартымаў Анатоль - пенсіянер – вылучаўся ад Беларускага саюза ветэранаў;
Сарокін Сяргей - намеснік дырэктара школы № 24 – вылучаўся ад грамадзянаў;
Скрыган Ганна - намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ “Бабруйскі мясакамбінат” – вылучалася ад Беларускага саюза жанчынаў;
Суворава Валянціна - галоўны спецыяліст гарадскога Савета дэпутатаў Бабруйска – вылучалася ад грамадзянаў;
Сябруковіч Юрый - дырэктар КУП “Бабруйскрамонт” – вылучаўся ад Партыі працы і справядлівасці.
Ніну Фядзяеву, вылучаную ад Беларускай партыі левых “Справялівы Свет”, і спадара Крэмянецкага, вылучанага ад АГП, у камісію не ўключылі.