Гомельшчына: Выбарчыя камісіі сфарміраваныя прадказальна: стабільнасць складу і практычны нуль апазіцыі
Гомель. 23 лістапада на сумесным паседжанні Гомельскага аблвыканкаму і прэзідыўма абласнога савета дэпутатаў па фарміраванню абласной выбарчай камісіі адбылося галасаванне па кандыдатурах. На 13 месцаў было пададзена 18 заяў. Ажыццяўлялася рэйтынгавае галасаванне. Начальнік галоўнага ўпраўлення арганізацыйна-кадравай працы Гомельскага аблвыканкама Д.А. Ражкоў, які прадстаўляў кандыдатаў у камісію, падкрэсліў, што чыноўнікі не абавязаны абгрунтоўваць сваё рашэнне па ўключэнні альбо неўключэнні ў склад камісіі. У выніку кандыдат ад партыі левых "Справядлівы свет" атрымаў 1 голас, а кандыдатка ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі Зінаіда Шуміліна - 0. Тыя, хто прайшлі - атрымалі "адзінагалосную" падтрымку. На прайшла "апазіцыя" і ў склад Гомельскай гарадской выбарчай камісіі: прадстаўнікі АГП і “Справядлівага свету” не набралі дастатковай колькасці галасоў.
Светлагорск. Пасяджэнне прэзідыумаў раённага Савета і выканкама цягнулася 29 хвілін. За гэты час абмеркавалі 17 прэтэндэнтаў у склад камісіі, хаця неабходна толькі 13.
У склад раённай выбарчай камісіі ўключылі аднаго прадстаўніка ад працоўнага калектыва, 4-х - шляхам падачы заяў грамадзян (старшыня камісіі ў мінулыя выбары Пятроўскі такім чынам быў уключаны і зараз) і 8 асобаў ад грамадскіх арганізацый ды палітычных партый. Была пададзена заява на ўключэнне ў склад камісіі зборам подпісаў грамадзян прадстаўніком Партыі БНФ. Аднак у склад камісіі яго не ўключылі.
“Назіраецца цікавая практыка ўладаў, - каментуе назіральніца Алена Маслюкова. - Зараз падаецца больш заяваў, чым трэба ў склад камісіі. Цікава, што ў мінулы раз такіх “статыстаў” не папярэдзілі, таму былі пакрыўджаныя, што іх не уключылі. Сёння быў такі ж спектакль, але тры асобы, якіх не ўключылі, засталіся цалкам задаволеныя сваёй роляй”.
Склад новай камісіі змяніўся на 30% - з’явіліся чатыры новыя сябры, адзін з іх нават без вопыту працы. Гендэрная роўнасць таксама не вытрыманая: з 13 сябраў камісіі 12 – жанчыны. Палітычны спектр прадстаўлены наступным чынам: аб’яднанне “Белая Русь”, Партыя працы і справядлівасці, Фонд міра, аб'яднанне ветэранаў, Саюз жанчын і афіцыйныя прафсаюзы.
Мазыр. На сумесным пасяджэнні Мазырскага райвыканкама і прэзідыума Савета дэпутатаў утвораная Мазырская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў. У склад камісіі было вылучана 13 прадстаўнікоў. З дакладам выступіла Наталля Малец, начальнік арганізацыйна-кадравай работы Мазырскага райвыканкама. Праводзілася рэйтынгавае галасаванне па кожнай кандыдатуры. Спосаб вылучэння: шляхам збору подпісаў ад грамадзян – 4, ад працоўных калектываў - 2, ад палітычных партый і ад грамадскіх аб’яднанняў – 7. За ўсіх прапанаваных кандыдатаў прагаласавалі адзінагалосна – 15 “за”. Сярод абраных сябраў камісіі – шасцёра абіраюцца не першы раз.