Жодзіна: Правераны і загартаваны “касцяк” складае большасць у гарадской выбарчай камісіі
На паседжанні прэзідыумаў выканкаму і гарсавета дэпутатаў па стварэнні Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі прысутнічала 22 чалавекі разам з назіральнікам. Галасаванне па кандыдатурах вялося паасобна. Рашэнні прымаліся па кожнай кандыдатуры і былі адзінагалоснымі. Праводзілі сход старшыня Жодзінскага гарсавета Наталля Сушко, і в.а. першага намесніка старшыні Жодзінскага гарвыканкама Сяргей Конан.
Два чалавекі, Вольга Глушко (намесніца рэдактара газэты “Жодзінскія Навіны”) і Сяргей Пілюк, якія вылучаліся зборам подпісаў, не здолелі належным чынам без парушэнняў заканадаўства сабраць па 10 подпісаў ад жыхароў Жодзінскай акругі. Таму кандыдатуры гэтых прэтэндэнтаў былі адразу адхіленыя па “тэхнічных прычынах” з-за парушэння патрабаванняў ВК. Па інфармацыі назіральніка Аляксея Лапіцкага, у склад Жодзінскай гарадзкой выбарчай камісіі абраныя 13 чалавек, большасць з іх (10 чалавек) заўсёды ўваходзяць у выбаркам, ствараючы такім чынам асноўны касцяк. Варта заўважыць, што трое з іх заўсёды абіраюцца ў кіруючы склад выбарчай камісіі.
Напрыканцы паседжання назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Аляксей Лапіцкі, не атрымаў дазволу ад Тацяны Краўцэвіч і ня змог азнаёміцца з разгледжанай на пасяджэнні выбарчай дакумэнтацыяй.