Орша: у раённы выбаркам не ўключылі ніводнага з трох прадстаўнікоў апазіцыі
12 з 13-ці сябраў утворанай камісіі на папярэдніх парламенцкіх выбарах уваходзілі ў акруговую камісію, але і астатні ўдзельнічаў у працы выбаркамаў іншага ўзроўню.
На пасяджэнні мясцовага райвыканкама і райсавета дэпутатаў па фармаванні Аршанскай раённай выбарчай камісіі, якое адбылося 24 лістапада, прысутнічаў наш назіральнік Ігар Казмерчак. Ён распавёў пра ход пасяджэнне.
На 13 месцаў у складзе раённай выбарчай камісіі было вылучана 19 чалавек. З іх тры прадстаўнікі дэмакратычных сілаў: свайго прадстаўніка вылучыла Беларуская партыя левых “Справядлівы свет, а два прадстаўнікі АГП вылучаліся шляхам збору подпісаў грамадзянаў.
Перад галасаваннем прадстаўнікі арганізацыяў, ад якіх вылучаліся кандыдаты, мелі па хвіліне на тое, каб прадставіць сваіх прэтэндэнтаў. Назіральнік адзначае, што прадстаўнікі праўладных арганізацый гаварылі па адной схеме і амаль аднолькавымі словамі, а пасля выступіла кіруючая справамі выканкаму, распавёўшы, якія якасныя кандыдаты вылучаныя ў камісію, і зачытала спіс тых самых людзей. Такім чынам, камісію склалі ўсе праўладныя прэтэндэнты.
Не прайшлі ў камісію трое работнікаў бюджэтнай сферы – за іх не прагаласавалі адзінагалосна. Але, як мяркуе назіральнік, іх вылучалі “дублёрамі”, каб стварыць бачнасць выбару. Не прагаласавалі і за траіх прадстаўнікоў дэмакратычных партый. Ён кажа, што па двух кандыдатурах "адзінагалоснае" галасаванне збілася: старшыня выканкаму заблытаўся і падняў руку за прадстаўніка “Справядлівага свету”, а адзін з дэпутатаў прагаласаваў за сябра АГП.
З 13 сябраў камісіі 9 вылучэнцаў ад праўладных грамадскіх арганізацый і партый (Партыі працы і справядлівасці, ЛДП, КПБ, Саюза жанчын, прафсаюза работнікаў дзяржаўных установаў, прафсаюза аграпрамысловага комплексу, БРСМ, Фонду Міра, савета ветэранаў). Але такое “перавыкананне нормы”, устаноўленай Выбарчым кодэксам, на думку назіральніка, нічога не мяняе.