Баранавічы: "конкурс" у гарадскую і раённую выбарчыя камісіі адсутнічаў
У Баранавічах пры поўнай адсутнасці “конкурсу” і прадстаўнікоў апазіцыі сфармаваныя гарадская і раённая выбарчыя камісіі.
22 лістапада былі абраныя сябры Баранавіцкай раённай выбарчай камісіі. На 13 месцаў у камісіі было столькі ж прэтэндэнтаў, адпаведна, усе яны былі ўключаны ў яе склад.
Паводле слоў мясцовага назіральніка Сяргея Гоўшы, гэтыя людзі з’яўляюцца чыноўнікамі і работнікамі дзяржаўных устаноў і ў большасці сваёй не ў першы раз становяцца сябрамі выбарчых камісій.
Сярод уключаных у камісію - прадстаўнікі такіх грамадскіх арганізацый, як БРСМ, Беларускі саюз жанчын, Беларускае грамадскае аб'яднанне ветэранаў і Баранавіцкая раённай арганізацыі Камуністычнай партыі Беларусі. У складзе Баранавіцкай раённай камісіі няма ніводнага прадстаўніка дэмакратычнага блоку і незалежных грамадскіх арганізацый.
Цікава, што абраць старшыню, яго намесніка і сакратара Баранавіцкай раённай камісіі атрымалася толькі з другога раза. На першае паседжанне, якое было запланавана на 24 лістапада, не з’явіліся 4 з 13 сябраў камісіі, таму было вырашана перанесці мерапрыемства на наступны дзень. У выніку старшынёй камісіі адзінагалосна быў абраны дырэктар птушкафабрыкі “Дружба” Пётр Дубоўскі.
Фактычна аналагічная сітуацыя склалася падчас абрання Баранавіцкай гарадской выбарчай камісіі 24 лістапада: на сяброўства ў камісіі прэтэндавалі 12 чалавек, усе яны і былі абраныя ў яе склад.
Назіральнік кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Вячаслаў Болбат адзначыў, што працэдура была хуткай, абмеркаванне кандыдатур увогуле не праводзілася.
У выніку ў Баранавіцкую гарадскую камісію ўвайшлі 9 прадстаўнікоў партый і грамадскіх арганізацый (Беларускі саюз афіцэраў, Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, Камуністычная партыя Беларусі, Беларуская партыя левых “Справядлівы свет”, БРСМ, Беларускі саюз жанчын, дзяржаўныя прафсаюзы, ГА “Белая русь”, Беларускае грамадскае аб’яднанне ветэранаў), 1 вылучэнец ад працоўнага калектыву і 2 чалавекі ад грамадзян шляхам збору подпісаў.