Брэст: у абласную ТВК уключана прадстаўніца "Справядлівага свету", у гарадской - ніводнага партыйца
У Брэсце сфармаваныя Брэсцкая абласная і Брэсцкая гарадская выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання. Прадстаўнікі дэмакратычнага блоку Брэста не праявілі цікавасці да гэтага этапа выбарчай кампаніі.
Фармаванне Брэсцкай гарадской выбарчай камісіі адбылося 22 лістапада. Наш назіральнік Уладзімір Вялічкін распавёў, што ўсяго на месцы ў камісіі было 20 прэтэндэнтаў. Тры з іх неправільна склалі дакуманты на вылучэнне, таму на супольным пасяджэнні Брэскага гарвыканкама і Прэзідыума Брэсцкага гарсавета іх кандыдатуры не разглядалісь.
Пасяджэнне прагаласавала супраць 4 прэтэндэнтаў – ад Беларускай партыі левых “Справядлівы свет”, ад БСДП “Грамада”, а таксама супраць яшчэ двух чалавек, якія, па меркаванні прысутных, мелі недастатковы досвед працы ў выбарчых камісіях.
Такім чынам, у склад гарадской камісіі было ўключана 13 чалавек. Сярод іх начальніца юрыдычнага аддзела Брэсцкага гарвыканкама Янголенка Наталля Вітальеўна і начальніца аддзела па працы са зваротамі грамадзян і юрыдычных асоб Брэсцкага гарвыканкама Мокат Ірына Ўладзіміраўна.
Паводле Уладзіміра Вялічкіна, пэўная частка сябраў камісіі прадстаўляла такія арганізацыі, як Беларускі Саюз Афіцэраў, Беларускае таварыства Чырвонага Крыжа, Прафсаюз работнікаў адукацыі і навукі, БРСМ. У складзе камісіі няма ніводнага прадстаўніка палітычнай партыі.
У той жа час у склад Брэсцкай абласной камісіі атрымалася трапіць прадстаўніцы Беларускай партыі левых “Справядлівы свет” Марыі Волкавай.
Усяго ў склад гэтай камісіі абраныя 13 чалавек, 10 з іх з'яўляюцца сябрамі грамадскіх аб'яднанняў і палітычных партый.
Акрамя "Справядлівага свету", у аблвыбаркам ўвайшлі прадстаўнікі Камуністычнай партыі Беларусі, Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі, Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці, ветэранскай і прафсаюзнай арганізацыі, абласной структуры РГА «Белая Русь», БРСМ, Саюза афіцэраў, Беларускага таварыства Чырвонага Крыжа.