Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Выбаршчыкі з Бярозы абскарджваюць неўключэнне іх вылучэнкі Тамары Шчапёткінай у склад раённай ТВК

Сяржук Русецкі. Фота "Радыё Рацыя"
Сяржук Русецкі. Фота "Радыё Рацыя"

26 лістапада выбаршчыкі з Бярозы, якія шляхам збору подпісаў вылучылі Тамару Шчапёткіну ў склад Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі, накіравалі скаргу ў суд з нагоды яе неўключэння ў гэтую камісію.

Паводле слоў назіральніка кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” Сяржука Русецкага, які прысутнічаў 24 лістапада на паседжанні па фармаванні Бярозаўскай раённай ТВК, падчас паседжання было дапушчана парушэнне выбарчага заканадаўства. Справа ў тым, што на 13 месцаў у камісіі прэтэндавалі 17 чалавек. У такім выпадку, калі лік прэтэндэнтаў у склад выбарчай камісіі перавышае прадугледжаную колькасць членаў камісіі, згодна з Пастановай ЦВК №36,  заслухоўваецца інфармацыя па кожнай кандыдатуры і праводзіцца персанальнае галасаванне.

Аднак замест гэтага начальник аддзелу кадравай працы райвыканкаму Віталь Мшар зачытаў агульны спіс тых 13 асобаў, якія прапаноўваліся для уваходу ў склад у Бярозаўскую раённую выбарчую камісію. А іншыя прадстаўнікі райсавета і райвыканкама, якія ўдзельнічалі ў паседжанні, адзінагалосна прагаласавалі “за” гэты спіс. Такім чынам, персанальнае галасаванне асобна па кожнай кандыдатуры не праводзілася.

Спасылаючыся на гэтае парушэнне заканадаўства, выбаршчыкі Тамары Шчапёткінай у сваёй скарзе просяць прызнаць яе неўключэнне ў выбарчую камісію неправамерным. Таксама выбаршчыкі просяць суд абавязаць прэзідыум Бярозаўскага райсавету і райвыканкам прыняць новае рашэнне пра змяненне складу ТВК.

Няўключаная ў выбарчую камісію Тамара Шчапёткіна мае вялікі досвед працы падчас выбарчых кампаній. Яна была дэпутаткаю Белаазёрскага гарадскога Савету дэпутатаў Бярозаўскага раёна, неаднаразова была назіральніцай за выбарамі ва ўчастковых, акруговых і раённых выбарчых камісіях, прымала ўдзел у місіях міжнароднага назірання.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары