Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Чынавенства і дырэктарат складаюць большасць у абласных і раённых выбарчых камісіях

З размешчанай на сайтах абласных, гарадскіх і раённых выканаўчых камітэтаў  інфармацыі пад банерам “Выбары-2018”, можна даведацца пра склад створаных выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў 28 склікання: прозвішчы сябраў камісіі і спосаб іх вылучэння, але, па-ранейшаму, без указання іх месцаў працы. Няцяжка здагадацца, па якой прычыне такая інфармацыя стабільна замоўчваецца.

Значную частку сябраў раённых і гарадскіх выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў традыцыйна складаюць прадстаўнікі 5-6 праўладных грамадскіх арганізацый. Гэта РГА “Белая Русь”, РГА “БРСМ”, Грамадскае аб’яднанне ветэранаў, Беларускі саюз жанчын, Беларускі саюз афіцэраў ды афіцыйныя прафсаюзы, якія ўваходзяць у ФПБ. Аднак хто ж насамрэч замаскіраваўся пад шыльдамі грамадскіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзян шляхам падачы заяў?

У складзе Мінскай абласной выбарчай камісіі  па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў 13 сябраў, якія вылучаныя ад партый, грамадскіх аб’яднанняў, шляхам падачы заяў і… ніводнага вылучэнца ад працоўных калектываў. З іх 8 – кіраўнікі прадпрыемстваў, арганізацый і устаноў вобласці, начальнікі структурных падраздзяленняў абласнога выканаўчага камітэта.

Прыкладна такое ж “прадстаўніцтва” дырэктарату ў складзе Магілёўскай абласной выбарчай камісіі, куды пад маскаю грамадскіх арганізацый і вылучэнцаў ад грамадзян шляхам падачы заяў патрапілі сем кіраўнікоў арганізацый і устаноў абласнога цэнтра.

Віцебская раённая выбарчая камісія таксама не стала выключэннем з практыкі прыхаванага вылучэння начальнікаў і кіраўнікоў раённых службаў і аддзелаў,  якія вылучаліся шляхам збору подпісаў і падачы заяў (6 з 13).
Не лепшым чынам выглядае сітуацыя і з фарміраваннем Гарадзенскай абласной выбарчай камісіі, якая складаецца з кіраўнікоў дзяржпрадпрыемстваў, іх філіялаў і навуковых устаноў (5 з 13), а таксама з кіраўнікоў праўладных грамадскіх арганізацый, якія і вылучалі сваіх прадстаўнікоў у камісію (4 з 13). Сакратар абласной камісіі Андрэй Кухта, які быў вылучаны Гарадзенскай абласной арганізацыяй прафсаюза працаўнікоў дзяржаўных і іншых устаноў, з’яўляецца намеснікам начальніка ўпраўлення арганізацыйна-кадравай работы аблвыканкама.

А вось у складзе Гарадзенскай гарадской выбарчай камісіі  даволі шмат працаўнікоў сферы адукацыі (5 з 13). Таксама ў камісію ўвайшлі кіраўнікі дзяржаўных прадпрыемстваў, працаўнікі сферы аховы здароўя, першы сакратар Кастрычніцкага РК “БРСМ” і два супрацоўнікі Гарадзенскага выканкаму, якія, дарэчы, вылучаліся шляхам збору подпісаў. 

Рэкардсменам жа выступае Глыбоцкая раённай выбарчая камісія: у яе складзе ажно 10 схаваных ад людскога вока кіруючых работнікаў розных узроўняў, альбо 77% ад усяго складу.

І гэта пры тым, што партыйныя вылучэнцы прадстаўлены ў камісіях вельмі сціпла: шмат дзе абраныя вылучэнцы альбо ад  КПБ і Партыі працы і справядлівасці, альбо ад адной з гэтых партый (Гомельская гарадская, Веткаўская, Жлобінская, Кармянская, Рэчыцкая, Рагачоўская, Мазырская раённыя выбарчыя камісіі), ЛДП (Мінская і Магілёўская абласная камісія). Яшчэ горшая сітуацыя з прадстаўніцтвам у камісіях вылучэнцаў дэмакратычных апазіцыйных партый, якіх за выключэннем прадстаўніка АГП, практычна няма.

“Рэзервам” для больш шырокага прадстаўлення ў складзе камісій праўладных грамадскіх арганізацый з’яўляюцца вылучэнцы ад грамадзян шляхам падачы заяў, якіх, як правіла, налічваецца па 3-4 ў кожнай камісіі.

Так, у склад Гомельскай гарадской камісіі вылучаная шляхам падачы заявы Наталля Мамрукова, якая з’яўляецца намесніцай старшыні абласной арганізацыі РГА "Белая Русь". А ў склад Светлагорскай раённай выбарчай камісіі ўвайшлі тры прадстаўнікі галіновых прафсаюзаў, якія ўваходзяць у склад ФПБ. Яшчэ ж столькі прафсаюзных функцыянераў “замаскіравалася” пад графой: “шляхам падачы заяў”. Усяго - 6.

У катэгорыю вылучаных грамадзянамі шляхам падачы заяў, як правіла, трапляюць адказныя работнікі райвыканкамаў, кіраўнікі устаноў адукацыі і медыкі. З чатырох сябраў Рэчыцкай раённай выбарчай камісіі, якія вылучаліся шляхам збору подпісаў – 2 педагагічныя работнікі і чыноўнікі райвыканкама.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”.


Каментары