Маладзечна: Ініцыятыўная група Міхаіла Валынца зарэгістраваная з другой спробы
Маладзечанская раённая выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў па стане на 2 снежня зарэгістравала дзве ініцыятыўныя групы па вылучэнні кандыдатаў.
На пасяджэнні камісіі 29 лістапада разглядаліся дакументы на рэгістрацыю груп Валянціна Цішко і Міхаіла Валынца. Аднак адпаведныя пасведчанні і падпісныя лісты для збору подпісаў былі выдадзеныя толькі групе Валянціна Цішко. Ініцыятыўная група Валынца не была зарэгістравана, паколькі у камісію спіс сябраў ініцыятыўнай групы павінен падавацца ў друкаваным выглядзе, а група прадставіла рукапісны варыянт.
Па інфармацыі назіральніка Эдуарда Баланчука, Міхаіл Валынец аператыўна выправіў памылкі і раённая выбарчая камісія зарэгістравала ініцыятыўную групу на другі дзень, 1 снежня.
Нагадаем, на мінулых парламенцкіх выбарах 2016 года, беспартыйны Валынец балатаваўся у Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу. У сваім выступе на тэлебачанні ён заяўляў, што хоча аднавіць Маладзечанскую вобласць «у межах 1960 года», «ад Літвы да Заслаўя, ад Латвіі і Заходняй Дзвіны да Ліды і Наваградка».
Назіральнік таксама адзначае, што Маладзечанская раённая выбарчая камісія, па традыцыі, ніякай інфармацыі незалежным назіральнікам не прадстаўляе, спасылаецца, што ўся неабходная інфармацыя ёсць на сайце выканкама. У камісіі лічаць, што дастаткова і таго, што назіральніка запрашаюць на паседжанні.