У Гродна ўтвораны акруговыя выбарчыя камісіі. Актыўнасць апазіцыі - нулявая
2 снежня на сумесным паседжанні Прэзідыума Гарадзенскага аблсавета і Гарадзенскага аблвыканкама былі створаны акруговыя выбарчыя камісіі. Агулам створана 60 АВК, 17 з іх на тэрыторыі Гродна, паведамляе назіральнік Раман Юргель.
Паводле яго слоў, на паседжанні, якое цягнулася больш за 3 гадзіны, акрамя яго ў якасці назіральнікаў прысутнічалі толькі прадстаўнікі праўладных грамадскіх арганізацый. Вёў паседжанне старшыня Гродзенскага аблвыканкама Уладзімір Краўцоў. З характэрыстыкамі аб дзелавых і палітычных якасцях прэтэндэнтаў выступаў Валерый Клімовіч, начальнік упраўлення па арганізацыйна-кадравай працы Гарадзенскага аблвыканкама. Клімовіч называў прозвішча кожнага з 683 кандыдатаў, іх год нараджэння, месца працы, пасаду, спосаб вылучэння. Затым удзельнікі паседжання галасавалі персанальна па кожнай названай кандыдатуры. Потым, як адзначае Юргель, агучвалі ўвесь спіс створанай АВК і за яго таксама галасавалі. Там, дзе было 11 прэтэндэнтаў на 11 месцаў, галасавалі адразу за ўвесь спіс. Асноўнымі крытэрамі для абрання як і раней былі досвед працы ў выбарчых камісіях, “дзелавыя якасці” кандыдатаў і г.д.
У выніку ў склад 60 акруговых выбарчых камісій увайшлі 660 чалавек (па 11 чалавек у кожнай камісіі), у большасці сваёй прадстаўнікі праўладных грамадскіх арганізацый. Беларуская партыя левых “Справядлівы свет” вылучыла 14 прадстаўнікоў, з іх у склад АВК ўключылі толькі 6. Камуністычная партыя Беларусі вылучыла 27 кандыдатаў, усе яны былі ўключаны ў АВК. Такім чынам, з 23 няўключаных кандыдатаў – 8 ад “Справядлівага свету”, 15 – ад БРСМ. Прадстаўнікі апазіцыйных партый сваіх кандыдатаў у акруговыя выбарчыя камісіі не вылучалі.
Паводле Рамана Юргеля, склад акруговых камісій у параўнанні з мінулым годам, калі адбываліся парламенцкія выбары, абнавіўся прыкладна на 7%. Пераважная большасць уключаных у камісіі, пачынаючы з 1999 года, былі сябрамі выбарчых камісій рознага ўзроўню.