Справаздача па выніках назірання за фарміраваннем акруговых выбарчых камісій
Назіранне ажыццяўляецца РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У назіранні ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары».
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
1. Акруговыя выбарчыя камісіі па выбарах дэпутатаў абласных і Мінскага гарадскога Саветаў дэпутатаў (далей – АВК) з’яўляюцца важным суб’ектам выбарчага працэсу. Да паўнамоцтваў АВК аднесены, у прыватнасці, арганізацыя правядзення выбараў, кіраўніцтва дзейнасцю ўчастковых выбарчых камісій, рэгістрацыя ініцыятыўных груп грамадзян па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку асоб, прапанаваных для вылучэння кандыдатамі ў дэпутаты, і правядзенне агітацыі за іх абранне, рэгістрацыя кандыдатаў у дэпутаты і іх давераных асоб, кантроль складання спісаў грамадзян, якія маюць права ўдзельнічаць у выбарах, разгляд заяў і скаргаў на рашэнні і дзеянні ўчастковых выбарчых камісій.
2. Як і раней, адной з істотных заканадаўча замацаваных у ВК перашкодаў у вылучэнні прадстаўнікоў палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў у склад АВК з’яўляецца патрабаванне заканадаўства аб наяўнасці абласных (мінскага гарадскога) структурных падраздзяленняў гэтых суб’ектаў выбарчага працэсу, зарэгістраваных ці пастаўленых на ўлік ва ўстаноўленым законам парадку.
3. Перашкодаў у падачы заяў аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад АВК зафіксавана не было. Інфармацыя аб часе і месцы правядзення адпаведных сходаў органаў па фармаванні АВК своечасова размяшчалася на адпаведных інтэрнэт-старонках выканкамаў і мясцовых дзяржаўных СМІ.
4. Усе прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” мелі магчымасць прысутнічаць на пасяджэннях органаў пры фарміраванні АВК, што з’яўляецца станоўчым фактам у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 г., калі ў 43% выпадкаў прадстаўнікам кампаніі было адмоўлена ў праве прысутнічаць на пасяджэннях адпаведных органаў па фарміраванні АВК.
5. Большасць прадстаўнікоў кампаніі, якія прысутнічалі пры фарміраванні АВК, не мелі магчымасці азнаёміцца з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў суб’ектаў у склад АВК. У якасці падставы для адмовы ў азнаямленні з дакументам аб вылучэнні называлася адсутнасць такога права ў назіральнікаў.
6. Пры фарміраванні АВК на сумесным пасяджэнні Прэзідыўмаў Брэсцкага аблвыканкама і Брэсцкага аблсавета пры азнаямленні з дакументамі аб вылучэнні прадстаўнікоў у склад АВК № 47 назіральнікам кампаніі было выяўлена, што замест 11 пратаколаў і заяў аб вылучэнні ў склад дадзенага АВК у наяўнасці было толькі 5 пратаколаў і 1 заява, што з’яўляецца парушэннем устаноўленага Пастановай Цэнтральнай камісіяй № 36 парадку вылучэння прадстаўнікоў ў склад выбарчых камісій.
7. Пры фарміраванні АВК праводзілася абмеркаванне асабістых і дзелавых якасцяў вылучаных прэтэндэнтаў, а ў выпадках, калі колькасць вылучаных перавышала колькасць сябраў АВК, праводзілася рэйтынгавае галасаванне. Пры стварэнні АВК у Віцебскім, Брэсцкім і Магілёўскім аблвыканкамах абмеркавання вылучаных кандыдатаў не адбывалася, характарыстыкі вылучаным не даваліся.
8. Палітычныя партыі вылучылі ў склад АВК 423 чалавекі, што складае 9,5% ад агульнай колькасці вылучаных, грамадскія аб’яднанні – 2372 чалавекі, альбо 53,3% ад вылучаных, грамадзяне шляхам падачы заявы вылучылі 1255 чалавекі, альбо 28,2% ад агульнай колькасці вылучаных. Апазіцыйныя партыі агулам вылучылі 132 чалавекі, альбо 31,2% ад вылучаных палітычнымі партыямі ці 3% ад агульнай колькасці вылучаных.
9. Традыцыйна нізкім застаўся ўзровень прадстаўніцтва апазіцыйных партый у АВК. Так, з 132 вылучаных апазіцыйнымі партыямі ў склад АВК было ўключана 22 чалавекі, альбо 16,7% ад вылучаных (падчас мясцовых выбараў 2014 г. – 5,25%). Для прыкладу: з 291 вылучаных праўладнымі палітычнымі партыямі ў склад АВК увайшлі 271 чалавек, альбо 92,5% ад вылучаных імі, а з вылучаных пяццю найбуйнейшымі праўладнымі грамадскімі аб’яднаннямі (БРСМ, Белая Русь, Саюз жанчын, Саюз ветэранаў і ФПБ) 1960 прадстаўнікоў у склад АВК увайшлі 1871 чалавекі, альбо 95,5% ад вылучаных імі. Агульная колькасць прадстаўнікоў апазіцыйных партый у складзе АВК склала 0,53%. На мясцовых выбарах 2014 г. гэты паказнік склаў 0,25%.
10. Відавочна дыскрымінацыйны падыход да прадстаўнікоў апазіцыі пры фарміраванні АВК, характэрны для папярэдніх выбараў, застаецца нязменным. Асноўным крытэрам, які прымяняўся пры фарміраванні АВК адпаведнымі органамі, быў папярэдні досвед працы ў выбарчых камісіях. Трэба адзначыць, што ўвядзенне Цэнтральнай камісіяй патрабаванняў па абмеркаванні дзелавых і асабістых якасцяў прэтэндэнтаў, вылучаных у склад выбарчых камісій, фактычна не паспрыяла большаму палітычнаму плюралізму ў АВК.
11. Працэс фарміравання АВК падчас сёлетніх выбараў прайшоў у атмасферы большай галоснасці, чым падчас папярэдніх мясцовых выбараў 2014 г., аднак у цэлым новыя практыкі і вынікі фарміравання АВК не адрозніваліся ад папярэдніх выбарчых кампаній.