Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Жодзіна: гарадская выбарчая камісія зарэгістравала 20 ініцыятыўных груп

Галасуюць сябры выбарчай камісіі. Фота Аляксея Лапіцкага.
Галасуюць сябры выбарчай камісіі. Фота Аляксея Лапіцкага.

Рашэньні прымаліся адзінагалосна па кожным прэтэндэнце 10-цю прысутнымі 8 снежня на паседжанні сябрамі Жодзінскай гарадской выбарчай камісіі.

Галасаваць сябрам камісіі прапаноўвалася пасля агалошвання звестак пра прэтэндэнта і колькасць сябраў у ініцыятыўнай групе, а таксама пасля інфармацыі аб праверцы дакументацыі на адсутнасць памылак. Хто і калі праводзіў дадзеную праверку ўдзельнікам галасавання не паведамлялася. Дадзеныя пытанні нікога з галасаваўшых сябраў камісіі не зацікавілі, нягледзячы на тое, што асобных паседжанняў камісіі для праверкі дакументаў не было, а дакументы паступалі пад кантролем арганізацыйна-кадравага аддзелу Жодзінскага выканкаму пад час дзяжурства аднаго з сябраў у памяшканні выбарчай камісіі.

Колькасць удзельнікаў ініцыятыўных груп, за рэдкім выключэннем, вагалася ад 3 да 4 чалавек, без уліку самога прэтэндэнта, які таксама можа збіраць подпісы за вылучэнне ўласнай кандыдатуры на мясцовыя выбары і быць кіраўніком сваёй ініцыятыўнай групы.

Прэтэндэнты, якія зарэгістраваліся, могуць распачынаць збор подпісаў ужо з 10 снежня.

Незалежнае назіранне ад кампаніі “Праваабронцы за свабодныя выбары” прадстаўляў на паседжанні Аляксей Лапіцкі.

Ягоныя рэчы ў чарговы раз  дэманстратыўна абшукаў пры ўваходзе ў гарвыканкам прапаршчык міліцыі Каваленка. А ў далейшым, у памяшканні камісіі, старшынствуючы на паседжанні  Уладзімер Цыёлта, выказаў уласнае пажаданне ў выглядзе просьбы не фатаграфаваць удзельнікаў паседжання.

Акрамя адзначаных фактаў назіранне не падвяргалася ніякім перашкодам у свабодным перасоўванні й зборы інфармацыі, што непасрэдна ўваходзіць у шэраг абавязкаў і функцый даўгатэрміновага назіральніка.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”, паводле licviny.info


Каментары