Назіральніца: абнаўляльнасць складу выбарчых камісій у Мінску вельмі нізкая
Назіральніца кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары” па Мінску Валянціна Свяцкая прааналізавала інфармацыю па стварэнню тэрытарыяльных выбарчых камісій (ТВК) па Мінску за тры гады. Высновы несуцяшальныя: адны і тыя ж асобы з году ў год, нібыта недатыкальная каста, кіруюць на месцах выбарчымі працэсамі, таму і абнаўляльнасць складу гарадской выбарчай камісіі складае 15,4 %. Мала адрозніваецца і склад раённых ТВК. А “першаходкі”, тыя, хто трапіў упершыню ў склад ТВК, на думку назіральніцы, магчыма ўжо раней прайшлі "абкатку" праз участковыя выбарчыя камісіі.
Валянціна Свяцкая прыводзіць тыя эпітэты, якімі “ўзнагароджвалі” кандыдатаў у склад камісіі гарадскія чыноўнікі. Асноўнымі крытэрыямі па ўключэнню ў склад камісій былі наступныя характарыстыкі, якія гучалі пад час абмеркавання кандыдатур:
- характарызуецца станоўча, сумленная, спраўная ў рабоце;
- ініцыятыўны, настойлівы, накіраваны на станоўчы вынік;
- мае добрую грамадзянскую пазіцыю, прыстойны, маральна ўстойлівы, карыстаецца аўтарытэтам у маладых выбаршчыкаў (гэта пра БРСМ-вца);
- камунікабельная, сумленная, прынцыповая, валодае пачуццём адказнасці;
- умее пісьменна вырашаць канфліктныя сітуацыі;
- ветлівы ў звароце з грамадзянамі, карпаратыўныя інтарэсы ставіць вышэй за ўсё;
- валодае такой якасцю, як уменне дапамагчы і даць патрэбную параду;
- асабістая сціпласць, у маральным плане - бездакорны!
- умее браць на сябе адказнасць, валодае шырокім кругаглядам;
- шырока адукаваны і эрудыяваны;
- ужо больш за 15 (!) гадоў прымае ўдзел у выбарчых кампаніях (Бацян, Першамайская ТВК);
- рашэнні прымае своечасова, аператыўна, нават у складаных сітуацыях;
- валодае ведамі ў галіне выбарчага права.
А вось што тычылася прадстаўнікоў ад апазіцыі, то характарыстыкі гучалі вельмі сціплыя і аднабаковыя:
- пенсіянер (ка);
- нідзе не працуе;
- удзелу ў грамадска-палітычным жыцці горада і раёна не прымае (часам дадавалі актыўны ўдзел ...);
- раней у працы выбарчых камісій не ўдзельнічаў (ла);
- ніякай характарыстыкі няма, бо няма ніякіх кантактаў, па якіх бы можна было звязацца (А. Кавалёва - АГП).
Files
- sostav-minskoi-horodskoi-komissii.pdf (0.29 Mb)