У Гомелі 58 ініцыятыўных груп. Слова за працоўнымі калектывамі і партыямі
Гомельская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання правяла 15 снежня выніковае пасяджэнне, звязанае з рэгістрацыяй ініцыятыўных груп грамадзян па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты ў Гомельскі гарсавет шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. На пасяджэнні выбаркама прысутнічаў незалежны назіральнік ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка.
Паводле інфармацыі сакратара камісіі Таццяны Марчанка, учора, 14 снежня ў камісію паступілі дакументы на рэгістрацыю яшчэ 8 ініцыятыўных груп. Раней камісія ўжо зарэгістравала 51 групу. «Па адным з вылучэнцаў былі пытанні, ён не правільна ўказаў выбарчую акругу. Тым не менш, ён ужо выправіў сваю памылку і ёсць прапанова зарэгістраваць усіх», - заявіла сакратар.
Старшынствуючы Віталь Атаманчук, пасля аднагалоснага галасавання спытаў у назіральнікаў, ці ёсць заўвагі і прапановы, на што назіральнік Леанід Судаленка прапанаваў як мага хутчэй размясціць на афіцыйным сайце гарвыканкама інфармацыю аб усіх 58 вылучэнцаў у слугі народныя.
«На гэта ў нас ёсць тэрмін да 18 снежня, - адказаў старшыня выбаркама, тым не менш прапанова прымаецца, апублікуем гэту інфармацыю раней. За канструктыўную прапанову дзякуй», - парыраваў Віталь Атаманчук.
На сённяшнім пасяджэнні гарадской выбарчай камісіі акрамя незалежнага назіральніка прысутнічалі назіральнікі ад ветэранаў, БРСМ і прафсаюзаў. Заўваг і прапаноў па выніку пасяджэння з іх боку не паступіла.
Пасля пасяджэння выбаркама Леанід Судаленка адзначыў, для рэгістрацыі кандыдатам у гарсавет ініцыятыўнай групе неабходна сабраць 75 подпісаў выбаршчыкаў. Да 18 студзеня 2018 года вылучэнне кандыдатаў таксама будзе ажыццяўляцца працоўнымі калектывамі і палітычнымі партыямі.
«Ужо сёння можна меркаваць, што безальтэрнатыўных акругаў на мясцовых выбарах 2018 у гомельскі гарсавет не будзе», - заявіў назіральнік.