У Менску зарэгістравана па 6 ініцыятыўных груп на выбарчую акругу
На 47 выбарчых акруг у Менску зарэгістравана 268 ініцыятыўных груп – па 6 на кожную з акруг. Інфармацыю па стане на 18 снежня прааналізавала назіральніца Валянціна Свяцкая.
Звесткі пакуль яшчэ няпоўныя, паколькі, па словах назіральніцы, паседжанні выбарчых камісій аб рэгістрацыі ініцыятыўных груп Першамайскага і Фрунзенскага раёна адбыліся ў другой палове дня і інфармацыі яшчэ няма.
Зафіксаваны толькі адзіны выпадак адмовы ў рэгістрацыі ініцыятыўнай групы Сяргея Спарыша ў Кастрычніцкай выбарчай камісіі.
“З прадстаўленай заявы аб рэгістрацыі ініцыятыўнай групы выбаршчыкаў ўгледжваецца, што дадзеная заява адрасаваная ў Асаналіеўскую выбарчую камісію. У адпаведнасці з рашэннем Прэзідыума Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў і Мінскага гарадскога выканаўчага камітэта ад 4 снежня 2017 г. № 48/4106 «Аб утварэнні тэрытарыяльных выбарчых камісій, якія ажыццяўляюць у раёнах горада Мiнска паўнамоцтвы акруговых выбарчых камісій па выбарах у Мінскі гарадскі Савет дэпутатаў дваццаць восьмага склікання» на тэрыторыі Кастрычніцкага раёна г.Мінска ўтворана Кастрычніцкая раённая выбарчая камісія… Улічваючы выкладзенае, Кастрычніцкая раённая выбарчая камісія г.Мінска па выбарах дэпутатаў Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання не мае прававых падстаў для рэгістрацыі ініцыятыўнай групы”, - паведамляецца ў рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі.
Заводская выбарчая камісія г. Мінска вырашыла вынесці папярэджанне ініцыятыўнай групе па зборы подпісаў выбаршчыкаў у падтрымку вылучэння А. Меляшчэні кандыдатам у дэпутаты Мінгарcавета дэпутатаў па Васнецоўскай выбарчай акрузе № 5. За што было атрымана папярэджанне – не паведамляецца.
На момант падрыхтоўкі дадзеных зваротаў аб абскарджванні рашэнняў адпаведных тэрытарыяльных камісій ў Мінскую гарадскую ТВК не паступала.