Гомель. У гарасавет спяшаюцца патрапіць 52 беспартыйных і 6 партыйных кандыдатаў
Гомельская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў 28-га склікання апублікавала персанальныя дадзеныя патэнцыйных кандыдатаў у дэпутаты ў Гомельскі гарсавет, якія балатуюцца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў. Незалежны назіральнік у гарадскім выбаркаме ад кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары" Леанід Судаленка пракаментаваў першы этап вылучэння кандыдатаў у «слугі народныя».
У Маскоўскай выбарчай акрузе №21 тры кандыдаты на месца: сябра Беларускай партыі "Зялёныя", які працуе ў школе настаўнікам фізікі 32-гадовы Пётр Філон вырашыў падужацца з былым чыноўнікам, а цяпер дырэктарам гарадскіх цеплавых сетак 37-гадовым Міхаілам Пачынком. 50-гадовая сацработнік Таццяна Канеўская, якая зарэгістравала ў апошні момант ініцыятыўную групу, па ўсёй верагоднасці, пойдзе не ва ўлік, лічыць эксперт.
У Фестывальнай акрузе №27 пакуль канкурэнцыі не назіраецца, тут працуе адна ініцыятыўная група сябра Сацыял-дэмакратычнай партыі Народнай Згоды 38-гадовага Андрэя Кабзара, які працуе начальнікам аддзела Гомельскага хімзавода. Безальтэрнатыўным застаецца і Лазурная №30 выбарчая акруга, ініцыятыўную групу тут зарэгістраваў член Рэспубліканскай партыі працы і справядлівасці 37-гадовы Дзмітрый Нілаў, у свеце вядомы як дзеючы «слуга народны», які працуе выкладчыкам у універсітэце спажыўкааперацыі. У Гагарынскай акрузе №32 на безальтэрнатыўнай аснове зарэгістраваўся першы сакратар Гомельскай гарадской арганізацыі БРСМ 30-гадовы Мікалай Святагор, сябра Камуністычнай партыі Беларусі.
Пазаштатны карэспандэнт ТАА «ТУТ БАЙ МЕДЫА», 50-гадовы сябра Беларускай партыі "Зялёныя" Юры Глушакоў у Авіяцыйнай акрузе №34 вырашыў скласці канкурэнцыю беспартыйнаму дырэктару ААТ «8 Марта» 39-гадоваму Сяргею Камкову. У Бранскай акрузе №38 слугой народным жадае стаць 47-гадовы камуніст Андрэй Ляшэнка, які працуе дарадцам гендырэктара УП «Вэлком». А пенсіянерка Ірына Усхопава, на думку назіральніка канкурэнцыі таксама наўрад ці складзе.
Леанід Судаленка падкрэсліў, што з 58 кандыдатаў, якія прэтэндуюць на 40 дэпутацкіх месцаў у гарсавеце, толькі 6 прадстаўляюць палітычныя партыі, прычым ні адну з іх назваць апазіцыйнай дзеючай улады практычна немагчыма. Самая вялікая канкурэнцыя (4 чалавекі на месца) назіраецца ў Цэнтральнай выбарчай акрузе №33, тут акрамя дзеючага дэпутата Наталлі Літвінавай, зарэгістраваліся яшчэ тры кандыдаты.
Па 3 кандыдаты зарэгістраваліся ў 5 акругах, па 2 кандыдаты ў дзевяці. Безальтэрнатыўнымі з'яўляюцца на сёння 25 акругаў, аднак, па словах назіральніка, яшчэ слова не сказалі працоўныя калектывы, якія маюць права вылучаць сваіх прадстаўнікоў аж да 18 студзеня 2018 года. Такое ж права належыць па законе і палітычным партыям, прадстаўнікі якіх не пажадалі ўвязвацца ў працэс збору подпісаў грамадзян, адзначыў эксперт.
Незалежны назіральнік таксама адзначыў адсутнасць у спісах «слуг народных» так званых цяжкавагавікоў: экс-старшыні і цяпер дзеючага дэпутата гарсавета Уладзіміра Чарнаштана, а таксама кіраўніка дзеючага гарадскога савета Івана Барадзінчыка.
"Калі першы можа сысці на супакой пісаць мемуары, то другога па ўсёй верагоднасці вылучыць працоўны калектыў", - выказаў меркаванне Л. Судаленка.
"Праваабаронцы за свабодныя выбары" паводле "Гомельская Вясна".