Бацькоўскі сход дзеля збору подпісаў за вылучэнне дырэктара школы?
Пра чарговы факт выкарыстання адміністратыўнага рэсурсу ў Мінску паведамляе Андрэй Бажко на сваёй старонцы ў сацыяльных сетках.
Пры зборы подпісаў за вылучэнне кадыдатам у дэпутаты Наталлі Слепян, якая мае намер вылучацца па Куйбышаўскай выбарчай акрузе №46 г. Мінска, мела месца выкарыстанне адміністратыўнага рэсурсу. Дарэчы, Наталля Сляпян з’яўляецца дырэктарам Мінскай сярэдняй школы №53 і дзеючым дэпутатам Мінскага гарадскога савета дэпутатаў.
Бацькі вучняў некалькі дзён таму праз Viber атрымалі паведамленне аб тым, што ў панядзелак, 18 снежня, у школе адбудзецца бацькоўскі сход: “Яўка для ўсіх абавязковая! Просьба ўзяць з сабой пашпарт” – інфармавала настаўніца.
“Было так, – піша ў сацыяльных сетках Андрэй Бажко, – да пачатку да сходу класны кіраўнік сабраў пашпарты ў бацькоў, не патлумачыў навошта і адправіў іх у актавую залу. Пасля сходу, тых, хто падыходзіў да настаўнікаў забраць пашпарт, прасілі застацца і распісацца. Пры гэтым ізноў людзям нічога не патлумачылі. Падпісаліся, нават не ведаючы за што. А ці з'яўляюцца настаўнікі, якія такім чынам збіралі подпісы за дырэктара школы, сябрамі ягонай ініцыятыўнай групы?” – задаецца пытаннем прадпрымальнік.
Андрэй Бажко паведаміў пра гэты факт выбарчай камісіі. Але ў адказ пачуў: “Ну і што? У яе пікет кожны дзень, прэтэнзій няма!»
Што думаюць на гэты конт прадстаўнікі кампаніі “Праваабаронцы за свабодныя выбары”?
Валянцін Стэфановіч найперш адзначае, што згодна з п. 10 арт. 61 Выбарчага кодэкса Рэспублікі Беларусь удзел адміністрацыі арганізацыі ў зборы подпісаў не дапускаецца. Парушэнне гэтых патрабаванняў згодна з арт. 65 Выбарчага кодэкса можа стаць падставай для адмовы ў рэгістрацыі ў якасці кандыдата ў дэпутаты ці адмене рашэння аб рэгістрацыі ў якасці кандыдата.
“Улічваючы той факт, што ў якасці кандыдата ў дэпутаты Мінгарсавета вылучаецца дырэктар школы Наталля Слепян, настаўнікі якой і збіралі подпісы ў бацькоў падчас бацькоўскага сходу ў гэтай школе, дазваляе казаць аб парушэнні прынцыпаў роўнасці правоў і абавязкаў кандыдатаў у дэпутаты на этапе іх вылучэння, – лічыць праваабаронца. – Згодна з арт. 73 Выбарчага кодэкса кандыдаты ў дэпутаты не маюць права выкарыстоўваць перавагі свайго службовага становішча ў інтарэсах абрання. Пад выкарыстаннем перавагаў службовага становішча ў дадзеным Кодэксе разумеецца сярод іншага прыцягненне асобаў, якія знаходзяцца ў падпарадкаванні ці іншай службовай залежнасці, для ажыцяўлення ў працоўны час дзейнасці, якая спрыяе вылучэнню ці (альбо) абранню. Пры парушэнні патрабаванняў дазенага артыкула адпаведная акруговая, тэрытарыяльная камісія мае права адмовіць у рэгістрацыі кандыдата ці адмяніць рашэнне аб яго рэгістрацыі”.