БРСМаўцы “пагулялі” ў выбары: пікетаў не было, грошай не было, адгулаў не было
Мінская гарадская выбарчая камісія па выбарах дэпутатаў Мінгарсавета дэпутатаў не знайшла парушэнняў дзеючага выбарчага заканадаўства і выкарыстання адміністрацыйнага рэсурсу ў дзеяннях актывістаў БРСМ з Беларускага дзяржаўнага універсітэта.
На сваім паседжанні 27 снежня камісія разгледзела заяву праваабаронцы Валянціна Стэфановіча, датычную магчымага фінансавання з боку БРСМ удзелу студэнтаў у перадвыбарчых пікетах і прадстаўлення ім вызвалення ад заняткаў.
Нагадаем, што ў сярэдзіне снежня праваабаронцам з ананімных крыніц стала вядомая перапіска ў закрытым чаце студэнтаў эканамічнага факультэта БДУ. З паведамленняў вынікае, што сакратарка “БРСМ” гэтага факультэту і начальнік штабу працоўных спраў БРСМ БДУ актыўна запрашалі студэнтаў браць удзел у перадвыбарчых пікетах па вылучэнні асобных кандыдатаў у дэпутаты ў якасці сябраў іх ініцыятыўных груп. Пры гэтым тым, хто пагодзіцца, абяцалі прэмію ў памеры 15 рублёў і вызваленне ад заняткаў на ўвесь дзень.
З гэтай нагоды юрыст “Вясны” Валянцін Стэфановіч накіраваў заяву ў Цэнтрвыбаркам з просьбай правесці праверку па дадзеным выпадку і прыняць адпаведныя меры рэагавання.
У сваім адказе на заяву Лідзія Ярмошына паведаміла Стэфановічу, што для праверкі ўказаных дзеянняў прадстаўнікоў ГА “БРСМ” заява праваабаронцы накіравана ў Мінскую гарадскую выбарчую камісію. Таксама старшыня Цэнтрвыбаркама адзначае, што “БРСМ” прапанавана правесці разбор і прыняць меры па спыненні незаконных дзеянняў прадстаўнікоў моладзевай арганізацыі ў тым выпадку, калі гэтыя дзеянні падцвердзяцца.
Мінская гарадская выбарчая камісія правяла адмысловую праверку, у ходзе якой прыйшла да наступных высноў:
Сакратар камітэта БРСМ эканамічнага факультэта БДУ Ю.Муштукова "хацела вылучыць сваю кандыдатуру ў кандыдаты ў дэпутаты Мінскага гарадскога Савета дэпутатаў, таму вырашыла сабраць ініцыятыўную групу, пра што размясціла інфармацыю ў сацыяльных сетках. Але паколькі на яе прапанову ніхто са студэнтаў не адгукнуўся Муштукова Ю. ад дадзенай ідэі адмовілася.
З тлумачальнай запіскі начальніка штаба працоўных спраў БРСМ І. Шчарбіны вынікае, што інфармацыю аб працы пікетаў ён размясціў з мэтай прыкладу працягласці працы пікетаў і месцаў іх размяшчэння, у выпадку стварэння ініцыятыўнай групы Ю. Муштуковай.
…Устаноўлена, што ГА БРСМ не з'яўляецца крыніцай фінансавання вылучаемых кандыдатаў у дэпутаты… Фактаў парушэння дзеючага выбарчага заканадаўства Рэспублікі Беларусь з выкарыстаннем адміністрацыйнага рэсурсу не ўстаноўлена.
Каментуючы рашэнне Мінскай гарадской выбарчай камісіі назіральніца Валянціна Свяцкая адзначае фармальны падыход да разгляду скаргі праваабаронцы.
“Было бачна, на мой погляд, што не ўсе сябры камісіі былі азнаёмлены з сутнасцю зварота сп. Стэфановіча. А некаторыя нават паспрабавалі абвінаваціць Стэфановіча ў плагіяце, маўляў, скарыстаўся чужым матэрыялам з чужога сайта, не запытаўшыся дазволу ў журналіста, які надрукаваў гэты матэрыял. І, па- другое, было бачна, што нягледзячы на некаторыя рэфлексіі сябраў камісіі, адказ ўжо быў падрыхтаваны загадзя, паколькі яго абмеркаванне нават і не праходзіла непасрэдна па сутнасці звароту”.
Але надта дзіўным выглядае, што моладзевы лідэр Ю. Муштукова нават за грошы і абяцанне вызвалення ад заняткаў (пра якое чамусці камісія маўчыць )не змагла сабраць ініцыятыўную групу. Незразумела таксама сэнс “вучэбнай трывогі”, якую правёў яшчэ адзін брсмавец Шчарбіна. Выходзіць, ён проста так, для узору рассылаў студэнтам інфармацыю пра час і месца правядзення пікетаў. Адным словам – пагулялі ў выбары?