«З мэтай эканоміі часу»: фармаванне УВК у Глыбокім
На ўключэнне ва ўчастковыя камісіі прэтэндавалі 377 чалавек. Прайшлі ўсе - «годныя, неаднаразова прымалі ўдзел у выбарах». На ўсё паседжанне па фармаванні УВК прадстаўнікам Глыбоцкага райвыканкама на чале са старшынёй Алегам Морхатам хапіла 52 хвілінаў.
Пра хаду пасяджэння па фармаванні ўчастковых выбарчых камісій у Глыбокім, якое праходзіла 3 студзеня, распавяла наша назіральніца Ганна Мартыноўская.
Паводле яе, тон працэсу фармавання УВК задаў старшыня райвыканкама Алег Морхат ключавой фразай: «З мэтай эканоміі часу прапаную пры вылучэнні называць колькасць [прэтэндэнтаў у склад камісіі - рэд.], а пры галасаванні – прозвішчы».
Так, за 52 хвіліны (з 16:00 да 16:52) былі зачытаныя спісы прапанаваных кандыдатаў на сяброўства ў УВК і за ўсіх прагаласавалі адзінагалосна. Усе ўдзельнікі пасяджэння, якія прадстаўлялі прэтэндэнтаў, паўтаралі адну і тую ж фразу: «Усе годныя, неаднаразова ўжо ўдзельнічалі ў выбарах у якасці сябраў УВК».
«Усё як заўсёды. Нічога новага», - падагульніла назіральніца.
Таксама яна адзначыла, што не было магчымасці паглядзець пратаколы пасяджэння, бо старшыня Морхат абвясціў супрацоўнікам выканкаму аб неабходнасці сабрацца ў яго ў кабінеце: «Усім, каму прызначана на 17:00».