Паседжанне па ўтварэнні УВК Баранавіцкага раёна прайшло "без сюрпрызаў"
Трэцяга студзеня адбылося пасяджэнне Баранавіцкага раённага выканкама, на якім былі сфармаваныя ўчастковыя выбарчыя камісіі па выбарах у Баранавіцкі раённы Савет дэпутатаў 28-га склікання. Як адзначыў наш мясцовы назіральнік Сяргей Гоўша, паседжанне прайшло "без сюрпрызаў".
Мерапрыемства пачалося ў 10 раніцы і скончылася роўна праз гадзіну. За гэты час удзельнікі паседжання паспелі стварыць 34 участковыя раённыя камісіі. Паводле Сяргея Гоўшы, нейкай аптымальнай колькасці сябраў камісій загадзя не ўсталёўвалася, таму ў выніку іх склад у колькасных адносінах быў даволі розны: ад 5 да 19 чалавек.
Агульная лічба абраных сябраў УВК - 327 чалавек. Усе яны з'яўляюцца прадстаўнікамі прадзяржаўных грамадскіх арганізацый, такіх як "Белай Русь", БРСМ, Саюз ветэранаў, Прафсаюз аграпрамысловага комплекса, Прафсаюз работнікаў культуры і г.д. Астатнія - вылучэнцы ад працоўных калектываў і ад грамадзян шляхам збору подпісаў.
Ніводнаго прадстаўніка дэмакратычнага блоку ў склад УВК Баранавіцкага раёна не вылучалася ўвогуле.
Па словах назіральніка, на паседжанні называліся толькі прозвішчы кандыдатаў і спосаб вылучэння, месцы іх працы не гучалі. Галасаванне адбывалася без абмеркавання па агульным спісе.