Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Слуцк: суд заплюшчыў вочы на парушэнні выбарчага заканадаўства пры фарміраванні участковых камісій

Віталь Амяльковіч. Фота: рух.by
Віталь Амяльковіч. Фота: рух.by

Партыя БНФ пад час кожнай выбарчай кампаніі актыўна абскарджвае ў судовым парадку неўключэнні сваіх сябраў усклад выбарчых камісій рознага ўзроўню. Толькі такім чынам, па словах юрыста ПБНФ Юрыя Чавусава, можна даведацца пра тыя парушэнні, якія існуюць пры вылучэнні некаторых прадстаўнікоў у склад камісій, і такім чынам падкрэсліць нераўнапраўны характар выбарчага працэсу на этапе фармавання камісій.

Мінская абласная арганізацыя Партыі БНФ звярнулася ў суд са скаргай на дзеянні Слуцкага раённага выканаўчага камітэта. Партыйцы прасілі суд прызнаць рашэнне райвыканкама ад 3-га студзеня 2018 года №1 аб неўключэнні трох прадстаўнікоў БНФ у склад камісій незаконным і парушаючым правы заяўніка, а таксама абавязаць Слуцкі раённы выканаўчы камітэт прыняць новае рашэнне аб фармаванні участковых выбарчых камісій па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў у Слуцкім раёне №№3, 13 і 53 з уключэннем у склад усіх гэтых камісій прадстаўнікоў Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ.

Па інфармацыі сябра Сойму Партыі БНФ Віталя Амяльковіча, які прадстаўляў інтарэсы Партыі БНФ у судовым працэсе 8 студзеня стала вядома пра парушэнні пад час фарміравання участковых выбарчых камісій. Так, у склад участковых камісій былі ўключаныя асобы, дакументы якіх не былі аформленыя належным чынам і не ўтрымлівалі звестак, якія патрабуюцца Выбарчым кодэксам:

"Пры вывучэнні ў судзе заяў выбаршчыкаў па вылучэнні прэтэндэнтаў у склад камісій высветлілася, што пры вылучэнні ва ўчастковую выбарчую камісію ўчастку для галасавання №13 (дарэчы, там, куды вылучаўся і прадстаўнік Партыі БНФ) ад грамадзянаў шляхам падачы заявы, у заявах 7 асобаў адсутнічалі неабходныя звесткі: не было пазначанае іх месца працы (занятак) і пасады. Указанне гэтых звестак уваходзіць у шэраг абавязковых патрабаванняў для вылучэння ў склад выбарчай камісіі згодна з часткай 7 артыкула 35 ВК.  Аднак суд Слуцкага раёна не палічыў гэты факт сур’ёзным парушэннем выбарчага заканадаўства і вартай падставай для адмены рашэння Слуцкага райвыканкама па ўтварэнні ўчастковых выбарчых камісій і ў задавальненні скаргі прадстаўніку Мінскай абласной арганізацыі Партыі БНФ было адмоўлена".

Не прыняў да ўвагі аргументы Берасцейскай абласной арганізацыі Партыі БНФ і суд Бярозаўскага раёна. На сваім паседжанні 9 студзеня ён прыйшоў да высновы, што парушэнняў пры фарміраванні участковай выбарчай камісіі №3, у склад якой не патрапіў сябра партыі, не было, а таму скарга партыйцаў таксама не задаволеная.

“Праваабаронцы за сабодныя выбары”. 


Каментары