Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

У Бярозе назіральнікаў дапусцілі да праверкі подпісаў. Але на справе не абышлося без праблем

У Бярозе назіральнікаў упершыню за шмат гадоў дапусцілі да праверкі подпісаў, сабраных ініцыятыўнымі групамі па вылучэнні кандыдатаў у дэпутаты. Праўда, па-рознаму.

15 студзеня ў Бярозаўскай раённай выбарчай камісіі па выбарах дэпутатаў Бярозаўскага раённага Савета дэпутатаў адбылася першая праверка подпісаў — паловы з 18 ініцыятыўных групаў. Яшчэ раней на сваім паседжанні большасць сябраў РВК прагаласавалі за тое, каб дазволіць назіральнікам Тамары Шчапёткінай і Сяржуку Русецкаму, што звярнуліся з адпаведнымі заявамі ў РВК, назіраць працэс праверкі, але без фатаграфавання і аўдыязапісу.

Назіральніку Сяржуку Русецкаму дазволілі сядзець побач з трыма сябрамі РВК, што правяралі подпісы, бачыць падпісныя лісты і па ягонай просьбе браць некаторыя з іх у рукі, каб бліжэй пабачыць сапраўднасць ці несапраўднасць подпісаў. Сябры РВК выявілі пяць несапраўдных подпісаў у вызначаных аркушах па вылучэнні намесніка старшыні райвыканкаму Яўгена Тарасюка — яны былі сабраныя па-за межамі выбарчай акругі. Адбылася дадатковая праверка подпісаў, і ў яе выніку подпісы за Тарасюка, за выняткам пяці несапраўдных, былі прызнаныя сапраўднымі. Чатыры подпісы сябры РВК прызналі несапраўднымі і ў апазіцыйнага прэтэндэнта ў кандыдаты ў дэпутаты, прадстаўніка БХД Валера Білібухі, бо палічылі, што даты подпісаў ў двух парах выбаршчыкаў (муж з жонкаю) былі пастаўленыя адною рукою. Але пасля дадатковай праверкі яшчэ аднаго аркуша з подпісамі ў выніку подпісы за Білібуху за выняткам чатырох несапраўдных былі прызнаныя сапраўднымі.

У той жа дзень у акруговай выбарчай камісіі Бярозаўскай выбарчай акругі № 24 старшыня Карпенка яшчэ на пачатку паседжання АВК заявіла, што пры праглядзе подпісаў адзінага з чатырох прэтэндэнтаў, дзейснага дэпутата Аляксандара Пятроўскага, выявіла тры несапраўдныя подпісы. Затым адна з сябраў АВК прапанавала праверыць падпісныя лісты №1 і №5 (32 подпісы на двух падпісных лістах як раз і складалі неабходныя 20% для праверкі). І некалькі вызначаных сяброў АВК выйшлі ў іншы пакой для праверкі подпісаў на гэтых падпісных лістах. За імі прайшла і назіральніца Тамара Шчапёткіна. Але, калі праверка пачалася, і назіральніца папрасіла ўзяць у рукі падпісны ліст, каб на свае вочы пераканацца ў сапраўднасці подпісаў, прыбегла старшыня АВК і заявіла, што назіральніца не мае права гэтага рабіць. Тамара Шчапёткіна заявіла, што ў такім выпадку яна не збіраецца быць нейкім статыстам пры праверцы подпісаў і пакінула паседжанне АВК.

"Праваабаронцы за свабодныя выбары"


Каментары