Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Незалежны назіральнік у гомельскай ТВК: заўваг да працы камісіі няма

Леанід Судаленка пад час Маршу недармаедаў.
Леанід Судаленка пад час Маршу недармаедаў.

Прадстаўніку кампаніі "Правабаронцы за свабодныя выбары" ў Гомелі Леанід Судаленка дазволілі прысутнічаць 16 студзеня на паседжанні працоўнай групы Гомельскага гарадскога выбаркама пры праверцы подпісаў выбаршчыкаў і дакументаў асоб, якія вылучаюцца кандыдатамі ў дэпутаты ў Гомельскі гарадскі Савет дэпутатаў. Па інфармацыі “Гомельскай Вясны”, на дадзены момант заўвагі ў назіральніка да працы камісіі адсутнічаюць.

Па словах сакратара гарадской выбарчай камісіі Таццяны Марчанка, подпісы выбаршчыкаў у параўнанні з мінулымі выбарамі сабраны якасна. Толькі адзін прэтэдэнт на дэпутатскі мандат з 54-х, якія вылучаюцца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў да збору подпісаў аднесся несур’ёзна, за што магчыма ён будзе пазбаўлены рэгістрацыі. Яшчэ чатыры прэтэдэнты, якія рэгістравалі ініцыятыўныя групы са зборам подпісаў не справіліся альбо перадумалі балатавацца па іншых прычынах.

Асаблівую ўвагу працоўная група надала праверцы дэкларацый аб даходах і маёмасці прэтэдэнтаў у кандыдаты, з дапамогаю падатковых інспекцый правяраюцца такія факты, як налічаны, але не выплачаны заработак, утойванне адным з прэтэдэнаў дахода амаль у 5 разоў, іншыя менш дробныя нестыкоўкі паміж указанымі ў дэкларацыях сумамі і дадзенымі, якімі валодаюць падаткавікі.

Працоўная група правярае і іншыя дадзеныя кандыдатаў: наяўнасць судзімасцяў, акцый прадпрыемстваў, асабістага аўтатранспарту, зямельных участкаў і нерухомасці. Усяго па словах назіральніка на 40 месцаў у гарадскі Савет дэпутатаў пададзены дакументы ад 140 чалавек: 54 вылучаюцца шляхам збору подпісаў выбаршчыкаў, 47 працоўнымі калектывамі і 39 палітычнымі партыямі.

Леанід Судаленка адзначае, што агітацыйная частка выбарчай кампаніі ў Гомелі прайшла дастаткова пасіўна, толькі ў некалькіх месцах абласнога цэнтру былі заўважаны пікеты кандыдатаў па збору подпісаў выбаршчыкаў ад Аб’яднанай грамадзянскай партыі (АГП) і кандыдатаў, якіх у Гомель прыязджала падтрымаць адна з лідэраў грамадскага аб’яднання “Гавары праўду” Таццяна Караткевіч.

У другой палове дня 18 студзеня адбудзецца выніковае паседжанне па рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты Гомельскага гарадскога Савета дэпутатаў.  

“Праваабаронцы за свабодныя выбары” паводле “Гомельская Вясна


Каментары