Мінск: першы пікет правацэнтрыстаў і папярэднія вынікі рэгістрацыі кандыдатаў
Вынікі першага этапу выбарчай кампаніі падвялі 18 студзеня лідэры правацэнтрысцкай партыйнай кааліцыі. Прэс-канферэнцыя з нагоды завяршэння этапу рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў прайшла ў фармаце перадвыбарчага пікету каля Камароўскага рынку.
Такі фармат брыфінгу яўна не спадабаўся гарадскім уладам – праз 5 хвілін да старшыні АГП Анатоля Лябедзькі датэлефанаваўся нібыта прадстаўнік Менгарвыканкама, які папярэдзіў партыйца, што прэс-канферэнцыі на пляцоўцы каля Камароўскага рынку праводзіць забаронена. Ды на гэтыя словы ніхто не зважаў.
Юрась Губарэвіч: “Выбівалі самых моцных”
Канчатковыя лічбы па рэгістрацыі кандыдатамі прадстаўнікоў Руху “За Свабоду” стануць вядомыя напрыканцы дня, - заявіў кіраўнік руху Юрась Губарэвіч, - але інфармацыя толькі па Мінску сведчыць пра вялікія страты на этапе рэгістрацыі. Выбарчыя камісіі не зарэгістравалі 5 прадстаўнікоў руху з сямі. Прычым, “выбівалі самых мацнейшых”: Вольгу Быкоўскую, Віктара Янчурэвіча, Дзяніса Дашчынскага, як пад капірку спасылаючыся пра наяўнасць у падпісных аркушах несапраўдных подпісаў.
"А ў сітуацыі з нерэгістрацыяй Мікіты Семяненкі ўвогуле атрымаўся абсурд. Яму адмоўлена на падставе таго, што актывіст незадэклараваў кватэру, якой у яго проста… няма. Па ўказаным адрасе жывуць зусім іншыя людзі, а кватэру яму прыпісалі памылкова. Таму тэрмінова будзем абскарджваць нерэгістрацыю нашых сябраў, бо часу на гэта вельмі мала", - паведаміў Юрась Губарэвіч.
Віталь Рымашэўскі: “Шкада часу, які пойдзе на абскарджанне”
Сустаршыня ствараемай Беларускай хрысціянскай дэмакратыі Віталь Рымашэўскі паведаміў журналістам, што ў Мінску выбарчыя камісіі незарэгістравалі 5 актывістаў, параўнаўшы дзейнасць камісій з нейкім статыстычным фэйкавым камітэтам. Па рэгіёнах інфармацыя пакуль няпоўная. Палітык распавёў пра запалохванні і пагрозы па месцы працы ці жыхарства з боку МУС тым новым сябрам БХД, які выказвалі намер рэгістравацца кандыдатамі ці прадстаўлялі ініцыятыву «Матчын Рух 328».
“Я проста перакананы, што Лідзія Ярмошына давала адмашку на траўлю нашых актывістаў” – выказаў меркаванне Рымашэўскі.
Адна з актывістак БХД, пісьменніца Галіна Каржанеўская падзялілася ўражаннямі ад учорашняга наведвання выбарчай камісіі, якая адмовіла ёй у рэгістрацыі кандыдатам. У яе склалася ўражанне, што для сябраў камісіі ўсё гэта вельмі неістотна, што "мы там маленькія выпадковыя людзі, якім нават і распрануцца не было дзе". Прычынай адмовы Каржанеўскай стала тое, што ў дэкларацыі яна паведаміла пра хатку ў вёсцы і забылася адзначыць зямельны надзел, на якім ён стаіць.
"Дык гэта ж не мая ўласнасць, бо ўласнасці на зямлю ў Беларусі не існуе, а толькі пажыццёвае карыстанне" - з прыкрасцю адзначыла яна.
Анатоль Лябедзька: “Званіў Леанідавіч, казаў, што прэс-канферэнцыю тут праводзіць нельга”
У Аб’яднанай грамадзянскай партыі сітуацыя з рэгістрацыяй кандыдатаў лепшая. Па словах старшыні партыі Анатоля Лябедзькі, пакуль адмоваў няма: з 17 кандыдатур, якія падалі ў камісіі дакументы, зарэгістраваныя ўсе 17. Палітык падкрэсліў, што незалежна ад вынікаў выбараў, правацэнтрысцкая кааліцыя ставіць перад сабой больш шырокія мэты: збор фактаў аб фальсіфікацыі і збор доказаў таго, што свабодных выбараў няма па-ранейшаму, а таксама прасоўванне пазітыўных альтэрнатыў для людзей ў розных накірунках і прыцягненне ў партыі новых людзей".
Першы сімвалічны і супольны пікет правацэнтрысцкай кааліцыі паклаў пачатак агітацыйнай кампаніі па выбарах дэпутатаў мясцовых Саветаў дэпутатаў.