Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Віцебск: у палове акругаў выбары будуць безальтэрнатыўныя

Віцебская гарадская выбарчая камісія на чарговым пасяджэнні 18 студзеня зарэгістравала 68 кандыдатаў у дэпутаты Віцебскага гарадскога Савета дэпутатаў дваццаць восьмага склікання. Пяці прэтэндэнтам, жадаючым пазмагацца за дэпутацкі мандат, камісія адмовіла.

Пра прычыны, па якіх пяці прэтэндэнтам не дазволілі далей браць удзел у выбарчай кампаніі, распавёў наш назіральнік Леанід Свецік, які прысутнічаў на пасяджэнні камісіі.

Так, адзін з прэтэндэнтаў не ўказаў наяўнасць ва ўласнасці грузавога аўтамабіля і матацыкла. Як ён растлумачыў камісіі, аўтамабіль ён даўно прадаў, а матацыкл быў сагнаны больш за 20 гадоў таму. Аднак гэта не пацвердзіла даведка з ДАІ, у якой значылася, што гэтымі транспартнымі сродкамі ён яшчэ валодае.

У падобнай сітуацыі апынуўся яшчэ адзін грамадзянін, які хацеў стаць дэпутатам. Ён лічыў прададзеным свой участак зямлі ў адным з садовых таварыстваў, аднак адпаведная дзяржаўная служба падала звесткі пра тое, што ён яшчэ валодае гэтымі «соткамі».

Яшчэ аднаго прэтэндэнта падвяла ініцыятыўная група, якая не змагла сабраць патрэбных для рэгістрацыі 75 подпісаў. Здадзеных ёю 53 подпісаў, у адпаведнасці з законам, не дастаткова, каб стаць кандыдатам у дэпутаты.

Гаворачы пра асаблівасці сёлетняй выбарчай кампаніі ў Віцебску, назіральнік адзначае невысокую актыўнасць палітычных партый у параўнанні з мясцовымі выбарамі 2014 года. Толькі 7 партый з 14 зарэгістраваных скарысталіся правам вылучыць сваіх кандыдатаў у дэпутаты. Гэта Рэспубліканская партыя працы і справядлівасці, якая вылучыла аднаго кандыдата, Ліберальна-дэмакратычная партыя Беларусі - пецярых, Аб'яднаная грамадзянская партыя - пецярых, Беларуская партыя левых "Справядлівы свет" - траіх, Беларуская патрыятычная партыя - аднаго, Партыя БНФ - чацвярых, Камуністычная партыя Беларусі - пецярых. Такім чынам, на 40 мандатаў у гарсавеце партыі вылучылі толькі 24 сваіх прадстаўнікі.

Працоўныя ж калектывы вылучылі сваіх кандыдатаў у дэпутаты як на падбор: усе з кіруючага звяна прадпрыемстваў і ўстановаў горада.

Са шкадаваннем назіральнік адзначае фактычную адсутнасць палітычнай канкурэнцыі ў цяперашняй выбарчай кампаніі: толькі ў дваццаці гарадскіх выбарчых акругах зарэгістраваны па некалькі кандыдатаў у дэпутаты. У астатніх дваццаці балатуюцца па адным кандыдаце.

Наконт захавання гендэрнага балансу сярод кандыдатаў у дэпутаты Леанід Свецік адзначае, што ён далёкі ад роўнасці: 14 (21%) кандыдатаў - жанчыны, 54 (79%) - мужчыны. «Выснова відавочная: палітычная дзейнасць у сучасным Віцебску застаецца справай мужчынаў», - кажа назіральнік.

Цяпер Віцебск у чаканні агітацыйных мерапрыемстваў зарэгістраваных кандыдатаў у дэпутаты, якія б дазволілі выбаршчыкам прыйсці на ўчасткі для галасавання інфармаванымі.

«Праваабаронцы за свабодныя выбары»


Каментары