Наваполацк: назіральнікі адзначаюць імітацыю канкурэнцыі на выбарчых акругах
Тэхнічныя кандыдаты ці актыўнасць сацыяльных работнікаў, педагогаў і шэраговых супрацоўнікаў “Нафтану” і ЖРЭА? Склад прэтэндэнтаў на дэпутацкія крэслы і іх размеркаванне па акругах выклікаюць пытанні ў назіральнікаў.
На пасяджэнні 18 студзеня Наваполацкая гарадская камісія па выбарах дэпутатаў гарадскога Савета дэпутатаў зарэгістравала 70 кандыдатаў. Пры гэтым нашыя назіральнікі звяртаюць увагу на раскладку кандыдатаў на акругах, якая наводзіць на высновы пра імітацыю наяўнасці альтэрнатывы і канкурэнцыі.
Амаль на ўсіх акругах на дэпутацкае крэсла прэтэндавалі асоба, якая займае кіруючую пасаду, і шэраговы супрацоўнік дзяржаўнага прадпрыемства ці ўстановы. Напрыклад, супрацоўнікаў з Цэнтра сацыяльнага забеспячэння насельніцтва было пяцёра, школьных настаўнікаў і супрацаўнікоў яслей-садкоў - 13, таксама былі шэраговыя працаўнікі ААТ “Нафтан”, КУП ЖРЭА.
У якасці прыкладу назіральнік прыводзіць некалькі акругаў. На акрузе №4 - Апрышка Ларыса Пятроўна, сацыяльны работнік цэнтра сацыяльнага забеспячэння насельніцтва, і Ялавік Аляксандр Пятровіч, гендырэктар ААТ “Нафтазаводмантаж”; на акрузе №6 - Яўтушак Сяргей Іванавіч, намеснік дырэктара па ідэалогіі ААТ “Нафтан” і Фурс Анастасія Мікалаеўна, педагог арганізатар СШ №3; на акрузе №20 - Каваленка Павел Васільевіч, прарэктар Полацкага дзяржаўнага ўніверсітэта, і Карміліна Любоў Міхайлаўна, настаўніца СШ №3; на акрузе №26 – Трапезнікаў Аляксандр Сяргеевіч, загадчык аддзяленнем паліклінікі, і Ткачоў Алег Віктаравіч, машыніст тэхнічных насосаў ААТ “Нафтан”, і т.д.
У рэшце, на большасці акругаў зарэгістраваны па два кандыдаты ў дэпутаты. Чатыры акругі - безальтэрнатыўныя, на трох з іх па адным прэтэндэнце не былі зарэгістраваныя праз памылкі ў дэкларацыях і ўсе трое вельмі нагадваюць тых самым тэхнічных кандыдатаў. Чатыры акругі маюць па тры прэтэндэнты.
Кандыдаты ў дэпутаты вылучаліся ад працоўных калектываў і шляхам збору подпісаў, некаторыя выкарыстоўвалі абодва шляхі вылучэння. Палітычныя партыі вылучылі трох кандыдатаў: аднаго – КПБ, двух - Рэспубліканская патыя працы і справядлівасці.
Цікава, што з 53-х камплектаў падпісных лістоў (а з кожнага з іх было праверана 15 подпісаў, то бок агулам - 795 подпісаў) ні адзін подпіс не быў прызнаны несапраўдным.