Праваабаронцы за свабодныя выбары

Праваабарончы цэнтр «Вясна» беларускі хельсінкскі камітэт

Магілёў: Гарвыбаркам адмовіў у рэгістрацыі 12 прэтэндэнтам у кандыдаты, 8 з іх - партыйныя

Магілёўскі гарвыканкам
Магілёўскі гарвыканкам

Магілёўская гарадская выбарчая камісія зарэгістравала 132 кандыдаты ў дэпутаты на 40 акругах. Пераважная частка вылучэнцаў прадстаўляюць бюджэтную сферу і працуюць у дзяржаўных органах.

Яшчэ 12 чалавек так і не ўбачаць кандыдацкія коркі – роўна ў паловы з іх няправільна запоўненая інфармацыя пра сплочаныя падаткі, у траіх выявілі праблемы з подпісамі, двое вылучыліся не ад той арганізацыі, а адзін увогуле забыўся пазначыць непагашаную судзімасць.

Больш за ўсіх не згодны з адмовай у рэгістрацыі першы намеснік БСДП (Грамада) Ігар Барысаў, подпісы за якога прызналі несапраўднымі праз тое, што яны былі сабраныя не ў той акрузе.

– З прычыны няправільнага апісання межаў акругі былі ўключаныя лішнія дамы. Я тэлефанаваў па гэтым пытанні ў ЦВК, і яны параілі звярнуцца ў гарвыканкам і абласную выбарчую камісію са скаргамі. Так што яшчэ пазмагаемся, – пракаментаваў Барысаў вынікі рэгістрацыі.

З 12-ці незарэгістраваных кандыдатамі ў дэпутаты асобаў восем адносяцца да палітычных партыяў. Акрамя Ігара Барысава, БСДП (Грамаду) прадстаўляла таксама Наталля Шкадун. Ёй адмовілі ў рэгістрацыі, паколькі яна была вылучаная абласной арганізацыяй партыі, а не гарадской. Па гэтай жа прычыне ў спіс кандыдатаў не трапіў Васіль Бяляй, які ішоў ад Беларускай партыі левых «Справядлівы свет».

Яшчэ пяць незарэгістраваных вылучэнцаў ішлі ад Ліберальна-дэмакратычнай партыі Беларусі.

Як паведамляе mspring.online, адзіным незарэгістраваным кандыдатам у дэпутаты вылучэнцам ад дзяржструктураў стала Дырэктар магілёўскага прадстаўніцтва “Белдзяржстраху” Алеся Хазеева: у дэкларацыі па маёмасці і даходах, якую яна прадставіла ў гарадскую выбарчую камісію, не былі ўлічаны 100 мільёнаў недэнамінаваных рублёў ад продажу аўтамабіля.

“Праваабаронцы за свабодныя выбары”


Каментары