Справаздача па выніках назірання за рэгістрацыяй кандыдатаў у дэпутаты мясцовых Саветаў дэпутатаў
Назіранне ажыццяўляецца актывістамі РПГА «Беларускі Хельсінкскі Камітэт» і ПЦ «Вясна» ў межах кампаніі «Праваабаронцы за свабодныя выбары». У маніторынгу ўдзельнічаюць 29 доўгатэрміновых назіральнікаў кампаніі.
АГУЛЬНЫЯ ВЫСНОВЫ
- Паводле дадзеных ЦВК , зарэгістраваны 17 542 ініцыятыўныя групы, што складае 99,9% ад агульнай колькасці вылучаных. На папярэдніх выбарах у мясцовыя Саветы дэпутатаў у 2014 г. працэнт рэгістрацыі складаў 99,7%.
- Выбарчыя камісіі не стваралі значных перашкод для рэгістрацыі ініцыятыўных груп, амаль усе ініцыятыўныя групы былі зарэгістраваныя. Варта адзначыць, што былі зарэгістраваныя ўсе ініцыятыўныя групы па вылучэнні сябраў палітычных партый.
- 78% назіральнікаў кампаніі не былі дапушчаны непасрэдна да праверак дакументаў, пададзеных у камісіі для рэгістрацыі кандыдатаў у дэпутаты, і не мелі магчымасці ўпэўніцца ў поўным і аб’ектыўным падыходзе камісій да вывучэння дакументаў. Практычна назіральнікі маглі прысутнічаць толькі на пасяджэннях, падчас якіх агучваліся вынікі праверак і выносіліся рашэнні аб рэгістрацыі. Гэта істотна зніжае давер да працы ВК, дазваляе ставіць пад сумнеў не толькі асобныя рашэнні аб адмове ў рэгістрацыі кандыдатаў, але і тыя рашэнні, якімі кандыдаты былі зарэгістраваны. Гэта дае падставы сцвярджаць, што беларускія ўлады пакуль не рэалізоўваюць на практыцы рэкамендацыі БДІПЧ АБСЕ.
- Паводле звестак ЦВК, зарэгістраваны 22 278 кандыдатаў, што складае 98,09% ад колькасці вылучаных. Працэнт рэгістрацыі кандыдататаў ад праўладных палітычных партый вышэйшы за адпаведную лічбу апазіцыйных партый.
5. Статыстыка адмоў у рэгістрацыі і адкліканых заяў аб вылучэнні дазваляюць убачыць не толькі ўзровень палітычнага накалу, але і ўзровень выкарыстання тэхнічных працэдур рэгістрацыі (праверка подпісаў, дэкларацый і г.д.) у палітычнай барацьбе. Так, колькасць адмоў у рэгістрацыі кандыдатаў у Мінскі гарадскі Савет склала 23%, у Саветы раённага ўзроўню – 1,5%, у сельскія Саветы – 0,3%. Аналіз практыкі і колькасных дадзеных дазваляюе сцвярджаць, што працэдуры праверак прымяняліся ВК селектыўна, перш за ўсё супраць апазіцыйных кандыдатаў.